Расійскае выданне «Взгляд» вырашыла прааналізаваць, куды Беларусь магла б падзець лішкі электраэнергіі пасля пачатку эксплуатацыі Беларускай АЭС.

Праблема сапраўды сур'ёзная. Ускладняецца яна тым, што спажыванне электраэнергіі ў Беларусі вырасла не так значна, як гэтага хацелася сем гадоў таму, ды і Літва катэгарычна адмовілася купляць электрычнасць з Беларускай АЭС.

«Тады прагназавалі давесці спажыванне да 47 млрд кВт·гадзіну, аднак у рэальнасці недацягвае і да 40 млрд кВт·гадзіна. Рост эканомікі ідзе не тымі тэмпамі, якія былі запланаваны ў 2011 годзе», — кажа ў каментары «Взгляду» Аляксей Анпілогаў, які шмат гадоў працаваў ва ўкраінскай атамнай энергетыцы.

У тэорыі прадаваць электраэнергію можна было б Украіне. З аднаго боку, планы па мадэрнізацыі і будаўніцтве новых АЭС ва Украіне фактычна замарожаныя. З другога боку, электраспажыванне ва Украіне падае.

«Акрамя таго, Украіне калі і будзе патрэбна дадатковая электраэнергія, то ў гадзіны пік, тады як Беларусі трэба куды-небудзь падзець начную электраэнергію. Гэта так званая праблема начнога мінімуму, якая абвострыцца з запускам атамнай станцыі. АЭС немагчыма разгружаць у сутачным рэжыме — і днём, і ноччу будзе адна і тая ж нагрузка, ваганні магутнасці не больш за працэнт», — кажа старшы эксперт фонду «Інстытут энергетыкі і фінансаў» Сяргей Кандрацьеў.

«Взгляд» піша, што ў Беларусі застаецца, па сутнасці, два варыянты па загрузцы сваёй АЭС. Па-першае, як і запатрабаваў Лукашэнка, трэба павялічыць спажыванне электраэнергіі ўнутры краіны. Напрыклад, частка чыгунак Беларусі да гэтага часу не электрыфікаваная, а гэта падыме попыт на электраэнергію. Акрамя таго, беларускую электраэнергію зможа купляць Расія.

Ёсць яшчэ адзін спосаб падняць спажыванне электраэнергіі ўнутры краіны, заўважае Сяргей Кандрацьеў — перайсці на электрычнае ацяпленне.

«Беларусі трэба альбо будаваць вялікія энергаёмістыя вытворчасці толькі дзеля ўтылізацыі электраэнергіі атамнай станцыі. Альбо варта павялічыць спажыванне электраэнергіі за кошт адмовы ад іншых энерганосьбітаў. Напрыклад, у Беларусі распрацавалі план па развіцці максімальнага выкарыстання электраацяплення за кошт адмовы ад газавых кацельняў», — кажа Кандрацьеў.

Але вырашыць экспартныя праблемы БелАЭС без Расіі будзе вельмі нялёгка, лічыць «Взгляд». І Масква ў гэтым дапаможа, упэўнена выданне:

«Па-першае, беларуская АЭС пабудавана на расійскія крэдыты, і Расія зацікаўлена ў вяртанні гэтых грошай. Па-другое, старыя магутнасці ў Расіі выбываюць хутчэй, чым будуюцца новыя, і гэта адставанне можа іграць на руку Беларускай АЭС».

«І хоць у цэнтральнай Расіі лішак магутнасцей, вялікай праблемы для расійскага энергарынку не будзе. Беларускія аб'ёмы ў маштабе расійскага рынку невялікія», — дадае Кандрацьеў.

Беларусі давядзецца пастаўляць электраэнергію па ўнутрырасійскіх цэнах, тады як на экспарце ў Еўропу беларусы змаглі б зарабляць, вядома, больш. У выніку тэрміны акупнасці будаўніцтва БелАЭС будуць на некалькі гадоў даўжэйшымі, чым планавалі раней, кажа Кандрацьеў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0