«ААН абвясьціла 2008 год «Міжнародным годам бульбы…

Бульба — найважнейшы прадукт у нашай краіне. Беларусь уваходзіць у васьмёрку найбольш буйных вытворцаў бульбы у сьвеце і займае першае месца па вытворчасьці яе на душу насельніцтва».

З газэтнай публікацыі

Гэта словы, з якіх можна песьню тварыць:
«Дзе ты ходзіш? Чакаю. Стаўлю бульбу варыць…»
Словы тыя заўсёды казаліся ў час,
словы тыя гучалі тады якраз,
калі ты ступаў на жыцьцёвую гаць,
калі думаў, як быць і каго кахаць,
быў гатовы адчаем сябе марыць…
Чуўся голас тады: «Стаўлю бульбу варыць».
Словы тыя выводзілі на шлях.
Станавілася з імі сьвятлей у вачах.
Беларускам ня трэба, апроч гэтых слоў,
нагаворнага зельля, чараў — замоў.
Беларуска знае, чым мужчыну скарыць,
як да сэрца яго сьцяжыну тарыць
ды на мове якой з ім гаварыць.
Проста кажа: «Я стаўлю ўжо бульбу варыць».
Іншым разам можа яшчэ паўтарыць:
«Не марудзь, не спазьняйся!
Стаўлю бульбу варыць».

* * *

Чытайце штодзённа ў рубрыцы «Літаратура» на сайце НН творы і мініятуры. Для сэрца, для розуму, для мовы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0