Чэмпіён свету UFC у лёгкай вазе расіянін Хабіб Нурмагамедаў у пачатку сваёй кар'еры хацеў прыняць украінскае грамадзянства і выступаць за Украіну на міжнародных спаборніцтвах, але не змог атрымаць украінскі пашпарт. Пра гэта ў інтэрв'ю «Спорт-экспресс» распавёў яго дзядзька Алекс Нурмагамедаў, які цяпер жыве ў Палтаве.

Хабіб Нурмагамедаў. Фота: інстаграм.

Хабіб Нурмагамедаў. Фота: інстаграм.

— Чаму Хабіб не атрымаў украінскі пашпарт?

— Мы прыкладвалі максімум намаганняў, каб Хабіб атрымаў грамадзянства ва Украіне. Мы цэнім, любім і паважаем Украіну і яе народ. Я скажу, што лепшага народа няма. Кажуць, што радзіма там, дзе ты нарадзіўся. Але я лічу, што радзіма там, дзе табе добра. Мы планавалі, каб Хабіб выступаў за Украіну, але не змаглі гэтага зрабіць.

— Чаму не атрымалася?

— Гэтае пытанне трэба задаць Бандарэнку.

— Хто гэта?

— Быў начальнікам АВІРа. Яго імя і імя па бацьку я не памятаю, а прозвішча запомніў вельмі добра. Мы не раз звярталіся, але…

— Чым ён аргументаваў адмову?

— Абсалютна нічым. Казаў: «Здайце дакументы, разгледзім». Не ведаю, як яны разглядалі, але ўвесь час была адмова. І гэта было не адзін раз, а чатыры ці пяць. Таму мы ўжо не сталі больш прасіць. Хабіб тады яшчэ маленькі быў, у яго не было пашпарта. У Расіі ён лічыўся ў фінансавым тэхнікуме. Сюды ён прыязджаў па даверанасці: бацька даваў мне даверанасць, і я яго прывозіў.

— Была ў Хабіба крыўда з-за адмовы ва ўкраінскім грамадзянстве?

— Была. Ён пытаўся, чаму не даюць пашпарт, чаму яны так глядзяць на гэтую сітуацыю? Я адказваў яму, што не ведаю і нічога зрабіць не магу. Ён на свае першыя баі лётаў з Палтавы. Выступаў за клуб «Антарэс-2000» — гэта ахоўная фірма Віктара Крываручкі, які доўгі час быў яго спонсарам. Потым — за клуб «Combat-DOBRO» у Кіеве. Кіраваў ім Эльхан Вяліеў — прэзідэнт федэрацыі баявога самба Украіны. Я тады ў яго быў віцэ-прэзідэнтам. А адсюль мы ўжо адправілі Хабіба ў Расію, яму далі пашпарт, і ён паляцеў.

— Што вы ведаеце пра планы Хабіба пасля завяршэння кар'еры?

— Ён кажа, што скончыць са спортам і будзе трэніраваць. Менавіта ў Палтаве хоча адкрыць спартыўны комплекс імя Хабіба Нурмагамедава. Гэта яго мэта. Ён хоча адкрыць яго за ўласныя грошы, колькі б на гэта не каштавала. У Палтаве і Махачкале хоча адкрыць спартыўны клуб Eagles MMA. Хабіб казаў, што вельмі ўдзячны ўкраінскаму народу за тое, што яму тут дапамагалі, калі было цяжка. Ён тут жыў, выступаў і заўсёды казаў, што Палтава яму вельмі падабаецца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0