Выданне «Вечерний Могилёв» падчас чарговага восеньскага прызыву напісала пра хлопцаў, якія ўнікаюць службы ў войску. У друкаваным варыянце газеты ад 10 кастрычніка аўтар Паліна Малініна распавяла пра суд над адным з маладых людзей, які адмовіўся служыць у войску, бо «не ўмее чытаць і пісаць». Паводле «Вечернего Могилёва», прызыўнік не з'явіўся на медыцынскім аглядзе і супраць яго распачалі крымінальную справу за ўніканне службы.

«Цяпер хлопец працуе пастухом у мясцовым калгасе. У судзе да яго былі паблажлівымі і прызначылі пакаранне, не звязанае з пазбаўленнем волі», — піша газета.

Паліна Малініна адзначае, што герой матэрыялу баіцца службы ў беларускім войску больш, чым крымінальнага пераследу. І прыходзіць да нечаканай высновы:

«Мне здаецца, яго асцярогі не дарэмныя. Як паказалі нядаўнія падзеі ў Печах, такія як ён, малапісьменныя і слабахарактарныя, у войску становяцца аб'ектам для здзекаў».

Напэўна, аўтар мае на ўвазе «справу Коржыча». У кастрычніку 2017 года ў навучальным цэнтры Узброеных сіл знайшлі павешаным радавога Аляксандра Коржыча. Цяпер праходзіць суд. Па версіі дзяржабвінавачання, салдата давялі да самагубства. Маці Коржыча ў гэта не верыць і лічыць, што яе сына забілі.

Акрамя гэтага, ужо па іншай справе сёлета ў чэрвені за дзедаўшчыну ў Печах да трох месяцаў арышту прысудзілі старшага лейтэнанта Глеба Чайкоўскага.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?