МУС Італіі збіраецца перамясціць усіх мігрантаў з паўднёвага горада Рыячэ, які шмат гадоў прымае бежанцаў, паведамляе ВВС. Мігрантаў перавязуць у іншыя цэнтры для мігрантаў. Пра гэта абвясцілі праз некалькі дзён пасля арышту мэра горада Даменіка Лучана па абвінавачванні ў арганізацыі шлюбаў для іміграцыйных мэтаў.
Мэр маланаселенага горада прапаноўваў мігрантам закінутыя дамы і навучанне без адрыву ад працы ў надзеі, што яны дадуць штуршок эканоміцы.
Ён распачаў гэтую сістэму ў 1998 годзе пры папярэднім урадзе, і з тых часоў сотні мігрантаў пасяліліся ў мястэчку, дзе пражывалі каля 2000 чалавек.
Яго арышт у пачатку месяца выклікаў пратэсты і нацыянальную дыскусію аб міграцыйным праекце.
Міністр унутраных спраў Італіі Матэа Сальвіні і яго правая партыя «Ліга» заявілі, што ўрад «абвясціў вайну іміграцыйнаму бізнэсу».
Лучана сказаў, што абскардзіць сваё ўтрыманне пад вартай, заявіўшы, што ўрад «хоча нас знішчыць».
Першае абвінавачванне ў адрас мэра Лучана было ў тым, што ён арганізоўваў шлюбы, каб абыйсці іміграцыйныя правілы.
Пракуроры сказалі, што яны праслухоўвалі тэлефон Лучана і запісалі як мінімум адну размову, у якой мэр прапаноўваў шлюб у якасці рашэння праблем іміграцыі для жанчыны.
У якасці мэра Лучана таксама адказваў за рэгістрацыю грамадзянскіх саюзаў.
Пракуроры заявілі, што яму таксама прад'яўлена абвінавачванне ў размеркаванні паслуг па зборы смецця дзвюм кампаніям без неабходных тэндараў.





