Скончыўся першы этап адкрытага конкурсу на стварэнне помніка Глебу Менскаму, паведамляе агенцтва «Мінск-Навіны» са спасылкай на старшыню камітэта архітэктуры і горадабудаўніцтва Мінгарвыканкама Паўла Лучыновіча.
Заяўкі падалі 17 аўтараў. Сярод членаў журы спецыялісты з розных абласцей - скульптары, архітэктары, гісторыкі, мастацтвазнаўцы.
- Журы аднагалосна пастанавіла, што помнік павінен размяшчацца ў Верхнім горадзе на высокім пункце - насупраць Кафедральнага сабора.
Гэта знакавае месца для сталіцы. Акрамя таго, прыйшлі да высновы, што гэта павінен быць конны помнік - такога ў Мінску няма, хоць іх усталёўваюць ва ўсіх буйных гарадах, - растлумачыў П. Лучыновіч.
На дапрацоўку твораў скульптурам дадуць яшчэ месяц. Усе, хто падаваў заяўкі, будуць працягваць удзел у конкурсе. Дарэчы, усе работы зашыфраваныя кодамі, члены журы не ведаюць, хто іх аўтары.
- Скульптурная кампазіцыя не павінна існаваць сама па сабе. Заклікаем канкурсантаў прадумаць, як гарманічна ўпісаць яе ў гарадское асяроддзе, - удакладніў П. Лучыновіч.
Як мяркуецца, кампазіцыю паставяць у Верхнім горадзе ў наступным годзе. Што цікава, 13 верасня 2019-га - напярэдадні Дня горада Мінска - споўніцца 900 гадоў з дня смерці Глеба Менскага.
Верагодная выява князя Глеба.
Чытайце таксама: Гісторыя Беларусі. Князь Глеб і узвышэнне Мінска





