Магілёўскі гарвыканкам адказаў мясцовым праваабаронцам Аляксею Колчыну і Аляксандру Буракову наконт пікета салідарнасці з украінскім палітвязнем Алегам Сянцовым.
Колчын і Буракоў прасілі дазволіць мерапрыемства салідарнасці на пляцоўцы побач з дыягнастычным цэнтрам, побач з гарвыканкамам.
Аднак намеснік кіраўніка горада Ала Галушка ў сваім адказе адзначыла, што «адзіным месцам правядзення пікетаў, мітынгаў і сходаў, якія арганізуюць грамадскія аб'яднанні і палітычныя партыі, вызначаны стадыён па вул. Чалюскінцаў, 64 В».
— У сувязі з тым, што ў заяве было ўказана іншае месца правядзення масавага мерапрыемства, дазволіць правядзення пікета 12 кастрычніка немагчыма, — заявіла Галушка.
Колчын і Буракоў збіраліся правесці пікет салідарнасці з украінскім рэжысёрам Алегам Сянцовым, які ўтрымліваецца ў расійскай калоніі ў дзень прыезду ў Магілёў прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна.
Па словах праваабаронцаў, яны чакалі такога адказу:
Праваабаронца адзначае, што пры жаданні гарвыканкам мог дазволіць акцыю:
— У красавіку гэтага года мясцовыя камуністы разам з савецкімі сцягамі без асаблівых праблем адсвяткавалі дзень нараджэння Уладзіміра Леніна на аднайменнай плошчы ў цэнтры горада. Фактычна гэта было тое ж самае масавае мерапрыемства. Чаму яны маюць права выказваць сваё меркаванне ў цэнтры горада, а іншыя не? Відавочна таму, што тэма Леніна уладам прыемная і зручная, а Сянцова — не, — сказаў Буракоў.
Паводле яго слоў, яны абавязкова абскардзяць рашэнне гарвыканкама ў судзе. Што тычыцца падтрымкі Сянцова, то тут праваабаронцы будуць шукаць іншыя спосабы выказвання салідарнасці з ім.





