36-гадовы жыхар вёскі Жодзішкі Смаргонскага раёна сапсаваў амаль увесь гардэроб сваёй жонкі, абліўшы 36 прадметаў яе адзення электралітам, паведамляе Край.by. СК распачаў крымінальную справу.

Жонка падала на развод. Мужу гэта не спадабалася. Сямейнай пары пры разводзе прыйдзецца дзяліць маёмасць. Да таго ж мужчына падазрае жонку ў нявернасці. Усё гэта і стала матывам злачынства. Па словах жанчыны, рэўнасць мужа ў апошні час стала маніякальнай. Сярод сапсаванага адзення ёсць дарагія рэчы — паліто, куртка, кажушок, дублёнка.

Электраліт мужчына шпрыцом набіраў у акумулятары сваёй машыны. Ён раўнаваў жонку, і з рэўнасці абліў гэтай вадкасцю яе адзенне.

Злачынства было здзейснена ў перыяд з 14 жніўня па 15 верасня. Менавіта ў сярэдзіне верасня сляды, пакінутыя электралітам на вопратцы, сталі бачнымі. Гэта рэчыва не мае паху і праядае адзенне толькі праз некаторы час. На ім з'яўляюцца дзіркі, рэчы становяцца як папяровыя, і ў выніку пачынаюць літаральна рассыпацца.

Адрамантаваць адзенне немагчыма. Сума нанесенай страты — больш за тысячу рублёў.

У мужа і жонкі ёсць непаўналетнія дзеці, зараз яны разводзяцца.

Мужчына раней несудзімы. Быў індывідуальным прадпрымальнікам, але апошнім часам не працуе.

Справа распачатая за наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне маёмасці, якое пацягнула прычыненне страты ў значным памеры. Мужчыну пагражае да 2 гадоў абмежавання волі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0