У суботу, 6 кастрычніка, БТ паказала другі выпуск шоу «Макаёнка, 9» з вядучым Яўгенам Перліным. Нагадаем, першы выпуск гэтай перадачы выклікаў шквал негатыўных водгукаў. У другі выпуск прывезлі расійскага шансанье Трафіма, гаварылі навіны пра Раналду і Бузаву і скончылі нізкаякасным рэпам. Пры праглядзе праграмы было ўстойлівае адчуванне, што ты глядзіш не галоўны канал беларускага тэлебачання, а нейкі рэгіянальны расійскі канал, бо нічога беларускага ў «Макаёнка, 9» не было. Стоп, было. Пра конкурс «Валадар вёскі» ў Слуцку.

Пачалася перадача з іранічнага абмеркавання водгукаў на першы выпуск. Самаіронія гэта добрая рыса, але бясконцае абсмоктванне гэтай тэмы стамляе гледача.

Потым быў блок абмеркавання апошніх спартыўных падзей з каментатарам Арташэсам Антанянам і байцом тайскага бокса Чынгізам Алазавым.

Наступныя госці праграмы — украінскі рэжысёр Стас Жыркоў і беларускі акцёр Максім Брагінец. У нефармальнай атмасферы яны з Перліным абмяркоўвалі прэм'еру ў Мінску свайго спектакля «Паляванне на сябе», а потым спрабавалі жартаваць пра адмену забароны на продаж алкаголю ўначы. І гэта можна назваць самым пазітыўным кавалкам праграмы. Тут «Макаёнка, 9» спрацавала на будучыню, а не падбірала з зямлі тое, што ўжо некалькі дзён не з'яўляецца цікавай інфанагодай.

Наступны госць — расійскі шансанье Сяргей Трафімаў. Відавочна, што яго аўтары праграмы пазіцыянавалі як хэдлайнера.

Перлін пачаў абмяркоўваць новы кліп Трафімава «Ядрёна-Матрёна». Аб чым гэты кліп?

«Кліп пра нясцерпны пошук духоўнай скрэпы для ўсяго нашага шматпакутнага рускага народа», — адказаў Трафімаў.

А потым расійскі госць праспяваў тыповую песню ў жанры «рускага шансона» пра «шашлычок под коньячок».

Далей у прайм-тайм эфіры беларускага тэлебачання абмяркоўвалі расіянку Вольгу Бузаву, якую назвалі «каралевай інстаграма». Дзякуй богу, самой Бузавай у студыі не было.

Наступным госцем быў галоўны харэограф дзіцячага «Еўрабачання» Раман Кавалёў. Абмеркаваўшы творчасць госця, Перлін і Кавалёў спрабавалі паўтарыць танцы вядомых палітыкаў — Тэрэзы Мэй, Уладзіміра Пуціна. Жарты і кпіны з палітычных лідараў якіх хочаш краін, але толькі не з нашых. Гэта дакладна беларускае тэлебачанне?

Апошняй госцяй праграмы была вядучая «Панарамы» Паліна Шуба. Разам з Перліным яны абмяркоўвалі сельскагаспадарчы конкурс «Валадар вёскі» ў Слуцку.

Ну а скончыўся гэты вінегрэт песняй «аднаго з найбольш гучных хіп-хоп праектаў, які выбухнуў на цэлы свет» Super Mario.

Інтэрнэт-карыстальнікі праграму не ацанілі. Колькасць негатыўных водгукаў ізноў у дзясяткі разоў большая, чым пазітыўных.

«Чаму мае каменты збіраюць больш лайкаў, чым ваша праграма?», «Як можна было зрабіць горш, чым у першы раз?», «Чарговае днішча прабіта» — гэта, напэўна, адны з найбольш прыстойных каментароў на Ютубе пад другім выпускам «Макаёнка, 9».

Замест забаўляльнага шоу мы пабачылі чарговы прадукт цэнзуры на народныя грошы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?