Кіраўнік Дзяржпагранслужбы Украіны Пятро Цыгікал зняпраўдзіў словы Аляксандра Лукашэнкі пра павелічэнне колькасці незаконных паставак зброі з Украіны ў Беларусь, паведамляе «Укрінфарм».
Пятро Цыгікал. Фота: dpsu.gov.ua.
Па словах Цыгікала, краіны «штомесяц абменьваюцца справаздачамі» і раней першы намеснік пагранічнага ведамства Беларусі на сустрэчы з украінскім калегам «запэўніў, што ніякіх фактаў перамяшчэння зброі ў іх няма». Кіраўнік Дзяржпагранслужбы Украіны дадаў, што не стане каментаваць палітычныя заявы, але ў яго ёсць інфармацыя пра «вялікі грашовы транш» з Расіі ў Беларусь, што магло паўплываць «на палітычныя заявы».
Намеры беларускага боку павялічыць колькасць памежнікаў адпавядаюць патрабаванням часу, упэўнены Цыгікал. Ён дадаў, што гэтаксама робіць і Украіна: цяпер падраздзяленні Дзяржпагранслужбы знаходзяцца бліжэй да мяжы і ахоўваюць участкі памерам 20 кіламетраў, а не 100 кіламетраў, як было раней.





