Лукашэнка растлумачыў сёння журналістам, чаму прыняў рашэнне адмяніць уведзеную ў якасці эксперыменту забарону на продаж спіртнога ўначы, паведамляе БелТА.
«У свой час узнімалася гэтае пытанне і я катэгарычна забараніў без майго ведама закранаць гэтую праблему. Мы ж некалькі разоў перажывалі гэта, пачынаючы ад забаронаў і вырубкі вінаграднай лазы, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Я ж памятаю, як праводзілі камсамольскія вяселлі «без спіртнога»: ставілі чайнік, а туды налівалі віно, гарэлку. І начальнікі, і падначаленыя, і партыйныя дзеячы пілі і ўсміхаліся падчас гэтых безалкагольных законаў».
Лукашэнка звярнуў увагу, што забарону на продаж спіртнога ў начны час абміне любы ахвочы.
«Гэта было на маіх вачах: калі было забаронена. У работнікаў органаў улады ў раёне, пракурораў, міліцыі не было праблем: яны закуплялі і нават перапрадавалі. Нам гэта трэба? Нам трэба, каб таксісты прадавалі гэта спіртное? — спытаў кіраўнік дзяржавы. — І справа тут не ў бюджэце, хоць гэта таксама важна».
Калі Аляксандр Лукашэнка стаў разбірацца, хто ўвёў гэтую забарону, высветлілася, што міліцыя звярнулася ва ўрад, і ён рэкамендаваў правесці эксперымент.
«Які эксперымент? Яго праводзяць, калі не ведаеш, што будзе на выхадзе, каб паспрабаваць. Але мы ж гэта спаўна паспрабавалі. Гэта бязглуздае рашэнне ўрада ў выглядзе эксперыменту. Напэўна, каб дагадзіць міліцыі і гэтак далей. Міліцыю я папярэдзіў. Яна павінна працаваць у тых сацыяльна-эканамічных умовах, якія складаюцца ў дзяржаве», — падкрэсліў ён.





