- Каля усходніх могілак сталіцы
штоночы валтузьня і шмат машын.
Тут спын аўтобусаў з маскоўскае шашы
(няведама, як пад такое сьпіцца
тым, хто займеў тут свой заслужаны спачын).
- Баулы, скрыні, кайстры і валізы,
чачэны, туарэгі, п’яны сьмех…
Ці скажуць вам пра штосьці там, унізе,
імёны, што прысыпаў надмагільны сьнег?.
- Сівы туман плыве сабе зь нізіны,
як той казаў, і быццам бачу я:
вось паўстае з астылых дамавінаў
былая сакаліная сакаліная сям’я.
- Усе ў выдатных чорных гарнітурах,
зь метафізічным сумам у вачох
глядзяць на тых закладнікаў шоп‑тураў,
што выгружаюць кілі кілек і панчох.
- Вось Караткевіч на сваім пагосьце
пацягвае бясконцы «Беламор»,
чакаючы кагось на госьці, —
адзін зь нямногіх, хто напраўду не памёр.
- Ля агароджы Быкаў і Мулявін
гамоняць, пазіраючы на ўсход,
дзе каралеўны ходніку гуляюць,
шукаючы на задніцы прыгод (варыянт: выгод).
- А па начной шашы ляціць таксоўка,
падвозячы сталічных жыхароў.
На хвілю тармазіць ля стометроўкі.
І пазірае з‑за стырна сівы Харон…
- Непадалёк ад могілак усходніх
зьдзяйсьняюць самадайкі аўтаспын,
а побач несупынны хэлоўін
запальвае нябачныя паходні
для тых, хто выйшаў зь цесных дамавін…
* * *
Чытайце штодзённа ў рубрыцы «Літаратура» на сайце НН новыя творы і мініятуры. Для сэрца, для розуму, для мовы.