Аўстралійскага карыкатурыста Марка Найта, які намаляваў Серэну Уільямс падчас скандальнага матча ў фінале US Open, абвінавачваюць у расізме і сэксізме, але ён сцвярджае, што проста адлюстраваў агідныя паводзіны тэнісісткі.
На малюнку раз'юшаная Серэна скача над зламанай ракеткай, а побач ляжыць дзіцячая соска (у ходзе канфлікту з суддзёй на вышцы Уільямс некалькі разоў паўтарыла, што яна — маці).
Крыніца: твітар Марка Найта.
Шматлікія крытыкі Найта палічылі, што карыкатура поўная стэрэатыпаў расісцкага кшталту. Камусьці таксама не спадабалася, што колер скуры японкі Осакі на малюнку святлейшы, чым ёсць насамрэч, і яна выглядае амаль бялявай.
Бацька Наомі — гаіцянін, і ў жыцці яна больш смуглая, чым большасць японцаў.
Карыкатура Найта была апублікаваная ў панядзелак у самай папулярнай аўстралійскай газеце Herald Sun.
Намаляваны на карыкатуры суддзя на вышцы кажа японскай тэнісістцы: «Можа, ты проста дасі ёй перамагчы?»
І сам мастак, і рэдактар выдання Дэйман Джонстан настойваюць, што нічога расісцкага або сэксісцкага ў малюнку няма, але ён адлюстроўвае неспартыўныя паводзіны Уільямс, якая зневажала суддзю на вышцы.
«Карыкатура высмейвае агідныя паводзіны легенды тэніса. Мы ўсе цалкам падтрымліваем Марка», — напісаў Джонстан у сваім твітары.
Сацыяльныя сеткі, між іншым, поўныя паведамленняў абураных карыстальнікаў, сярод якіх і аўтар кніг пра Гары Потара Джаан Роўлінг.
«Вам паспяхова ўдалося звесці адну з найвялікшых спартсменак сучаснасці да камічнага расісцка-сэксісцкага вобразу і абязлічыць другую вялікую спартсменку. Малайцы», — напісала Роўлінг.
Некаторыя параўноўваюць карыкатуру аўстралійца з папулярнымі ў мінулым здзеклівымі малюнкамі афра-амерыканцаў.
«Вы не маглі быць яшчэ большымі расістамі, нават калі б пастараліся. А вы вельмі стараліся. Вялізныя вусны, падкрэслена вялікія часткі цела, якія намякаюць на празмерную мужнасць Серэны… У наступны раз проста выкарыстоўвайце якую-небудзь карцінку 1800-х гадоў. Ніхто і не заўважыць розніцы паміж тым расізмам і вашым», — кажа гэты пост.
Нацыянальная асацыяцыя чарнаскурых журналістаў ЗША заявіла, што карыкатура «агідная ў розных формах».
«Мэта маёй карыкатуры — проста адлюстраваць Серэну ў момант істэрыкі. І больш нічога», — сказаў аўтар карыкатуры ў інтэрв'ю аўстралійскай тэлерадыёвяшчальнай карпарацыі ABC.
Ён таксама адкінуў сцверджанні, што ніколі не стаў бы адлюстроўваць падобным чынам мужчыну, і як доказ змясціў у твітары карыкатуру на аўстралійскага тэнісіста Ніка Кір'ёса, які таксама вядомы хамскімі выбрыкамі на корце.
У аўторак днём акаўнты Марка Найта ў твітары і фэйсбуку былі заблакаванымі.





