Сяржант Яўген Бараноўскі ў залі суда адмовіўся ад часткі паказаньняў, дадзеных падчас сьледзтва, піша Радыё Свабода.
11 верасьня на працэсе па справе аб сьмерці Аляксандра Коржыча пачаўся допыт абвінавачаных сяржантаў. Першым у судзе выступіў сяржант Яўген Бараноўскі, які камандаваў аддзяленьнем Коржыча. Яго допыт працягваўся больш за чатыры гадзіны, пасьля чаго пракурор у сувязі са значнымі рознагалосьсямі пачаў агучваць паказаньні Бараноўскага, дадзеныя ў першыя дні сьледзтва.
Бараноўскі амаль адразу пасьля гэтага паведаміў, што дадзеныя падчас сьледзтва паказаньні ня цалкам адпавядаюць рэчаіснасьці. Прычынай гэтага Бараноўскі назваў ціск з боку супрацоўнікаў КДБ.
«Мяне білі, пагражалі, — расказаў Бараноўскі ў залі суда. — Я дагэтуль хаджу ў прыбіральню з кроўю. Гэта ўсё адбывалася ў КДБ, я ня памятаю прозьвішчы супрацоўнікаў. Білі, аказвалі псыхалягічны ціск. Мяне прымушалі даць паказаньні, часткова непраўдзівыя. У прыватнасьці пра тое, што я дзяліўся грашыма зь іншымі сяржантамі. Я не рабіў гэтага. Ціск скончыўся пасьля пераводу на Валадарскага».
Бараноўскі таксама дадаў, што яўку з павіннай напісаў пад дыктоўку супрацоўнікаў КДБ





