pixabay.com
Здарэнне адбылося раніцай 9 верасня ў в. Бабішча, што ў Вілейскім раёне, піша kraj.by. У міліцыю звярнулася жанчына: маўляў, яе плот з металапрофілю пагнулі каровы.
Міліцыя выявіла: сапраўды, 30-метровы металічны плот быў пашкоджаны ў некалькіх месцах. На лістах былі сляды ад рагоў і капытоў.
Высветлілася, што за 100 метраў ад дома жанчыны ёсць паша. На ёй пасецца каля 20 кароў фермера. Калі міліцыя прыехала ў вёску, паша не была абгароджана. Аднак пастухі запэўнілі, што каровы былі пад наглядам.
Жанчына ацаніла шкоду ў 300 рублёў. Але разбірацца ёй прыйдзецца з фермерам у прыватным парадку і без удзелу міліцыі: складу злачынства, прадугледжанага па крымінальным артыкуле «Хуліганства», няма. Гэта грамадзянска-прававыя адносіны. Гаспадыня мае права звярнуцца ў суд і спагнаць з фермера нанесеную шкоду.





