У перапіс 2009 года былі ўключаныя тры пытанні пра валоданне мовамі:

  1. ваша родная мова (мова, засвоеная першай у раннім дзяцінстве);
  2. мова, на якой вы размаўляеце дома;
  3. іншыя мовы, якімі вы свабодна валодаеце».

«Дык вось, з апошнім пытаннем узнікла шмат казусаў. На практыцы атрымалася як? Былі выпадкі, калі рэспандэнт адказваў: «Я алфавіт ведаю, пішыце, што ведаю англійскую», — тлумачыць намесніца старшыні Белстата Жанна Васілеўская.

Таму ў перапісе-2019 гэта пытанне прыбяруць. Замест яго будзе іншае: «Якую дадатковую адукацыю вы атрымоўвалі цягам апошняга году».

Жанна Васілеўская звяртае ўвагу, што на моўныя пытанні трэба будзе даць адзін адказ: нельга сказаць, што размаўляю дома і па-беларуску, і па-руску. Трэба будзе выбраць тую, якая выкарыстоўваецца часцей.

А сваёй роднай мовай чалавек зможа назваць любую мову, якая існуе.

«У нашых спецыялістаў у планшэтах прадстаўленыя ўсе мовы свету, якія існуюць. Таму, калі, напрыклад, рэспандэнт захоча ўдакладніць, што яго родная мова не татарская, а мішарская, або не цыганская, а боша, ён зможа гэта зрабіць. У пісьмовых бланках гэта будзе раздзел «іншыя мовы», — тлумачыць Васілеўская.

Большасць насельніцтва краіны традыцыйна лічыць роднай мовай беларускую. У 2009 годзе такі адказ далі 53,2% насельніцтва Беларусі.

Таварыства беларускай мовы заклікала і ў 2019 годзе назваць роднай мовай беларускую

«Мы прапануем вам незалежна ад вашых палітычных і рэлігійных поглядаў, а таксама нацыянальнасці падчас правядзенння перапісу размаўляць з перапісчыкамі на беларускай мове, запаўняць апытальныя лісты на беларускай мове і пазначаць сваю родную мову так: беларуская. Тым самым вы засведчыце сваю прыналежнасць да гісторыі і культуры нашага народа, падтрымаеце беларускую мову і паспрыяеце ўмацаванню незалежнасці і нацыянальнай бяспекі Беларусі», — адзначаюць аўтары звароту.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?