Аляксандр Аўдзевіч — хлопец з Ліды, які страціў магчымасць хадзіць у выніку аварыі. 

Але ён не спыніў камунікацыі са светам, жыве актыўным жыццём. 

У прыватнасці — мае патрэбу часта наведвацца ў МТБанк. У Лідзе яго аддзяленне толькі адно, і, са словаў Аляксандра, у яго былі вечныя праблемы з доступам унутр, бо заезд не быў абсталяваны пандусам. 

Аўдзевіч неаднаразова звяртаўся да аддзялення з просьбай усталяваць пандус. 

«Я трываў, я чакаў, я прапаноўваў, я перапісваўся цэлы год. Але вось так, аказваецца, усіх задавальняе. Здаецца, высакосны год, а можа, так і трэба», — так хлопец падсумаваў вынікі спробаў дамовіцца з банкам у сваім фэйсбуку. 

І што ён зрабіў далей? 

Аформіў у гэтым самым МТБанку яшчэ адну картку «Халва», якая дазваляе растэрміноўваць плацёж, сам купіў пандус і падарыў яго банку. 

Момант прыезду і дарэння Аляксандр зафіксаваў на відэа. 

Са словаў Аляксандра, яму яшчэ давялося напісаць паперу аб згодзе перадаць пандус банку ў дар.

Як гэтую сітуацыю каментуюць у самім банку? 

Кіраўнік лідскага аддзялення сказала «Нашай Ніве», што гаварыць не будзе і кінула трубку. 

Скрыншот з відэа, дзе супрацоўніца банка разбіраецца, як карыстацца набытым пандусам.

Скрыншот з відэа, дзе супрацоўніца банка разбіраецца, як карыстацца набытым пандусам.

Але выказаўся цэнтральны офіс. 

У сваім каментары яны адзначылі, што «супрацоўнікі банка вырашалі цэлы шэраг арганізацыйных і тэхнічных пытанняў для правядзення работ па ўстаноўцы стацыянарнага пандуса». 

Маўляў, ініцыятыва Аляксандра набыць мабільны пандус «паскорыла гэты працэс». 

Таксама ў сваім каментары банк паабяцаў кампенсаваць Аўдзевічу грошы. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?