Памёр Аляксандр Кулінковіч — вакаліст беларускага гурту «Нейра Дзюбель». Яму было 46 гадоў.
Прычынай смерці стала лёгачная недастатковасць.
Кулінковіч са сваімі панкаўскімі песнямі быў адной з найярчэйшых зорак рока 90-х, пакалення незалежнасці.
Кулінковіч нарадзіўся ў Смалявічах, з пяці гадоў жыў у Мінску. Адвучыўся ў ПТВ па спецыяльнасці «сантэхнік», а ў Беларускім дзяржаўным універсітэце (факультэт журналістыкі) скончыў толькі першы курс.
Ён падтрымліваў нацыянальна-дэмакратычную апазіцыю, за гэта трапіў у створаныя ідэолагамі чорныя спісы. Яму забаранялі выступаць, урэшце ён вымушаны быў пайсці калумністам у «Советскую Белоруссію».
Да апошняга ён баяўся зноў аказацца забароненым для сцэны.
Увесну 2018-га ён адмовіўся спяваць на Дні Волі і вельмі нервова адрэагаваў на хвалю крытыкі, што абрынулася на яго за гэта нават з боку сяброў і былых прыхільнікаў.
Гэта быў сапраўдны творца.
«Вось так і сканаў між азёраў і рэк
Тутэйшы, але ўжо марскі чалавек.
Ляжыць у сваёй беларускай зямлі
У драўляным апошнім сваім караблі…»
«Наша Ніва» далучае свае спачуванні Сашавай сям'і і ўсёй беларускай рок-супольнасці.
Чытайце таксама: Кулінковіч пра канцэрт ля Опернага: Вам рабіць не**й, вы не кахаеце, сябруеце толькі з рукой — адны загаворы «Жыве Беларусь!»
Кулінковіч: Калі ты забаронены, ты не развіваешся
Кулінковіч папрасіў прабачэння ў гледачоў за канцэрт, на якім ён быў п'яны ў дым





