Падчас выходных у адным з вулічных кафэ горада невядомыя разлічыліся расійскімі рублямі. Прадавачка, атрымаўшы 200 рублёў суседняй краіны (6,27 беларускага), выдала рэшту 195 беларускімі.

Выпадак адбыўся ў суботу 28 ліпеня, каля 15.00, калі ў цэнтры Гродна было вельмі шмат людзей — пачынаўся фестываль вулічных мастацтваў.

«Дзве жанчыны, з выгляду турысткі, замовілі ў мяне піва на 5 рублёў 50 капеек, але калі трэба было разлічвацца, то падсунулі 200 расійскіх рублёў, — расказвае прадавачка. — Я заўважыла і сказала, што гэта не нашы грошы, што такіх ніколі не бачыла. А адна з іх мне ў адказ, што гэта беларускія грошы і ёй ніхто не мяняе іх, бо буйная сума».

Пры праглядзе відэа з камеры назірання бачна, як жанчыны, якія прыйшлі з расійскімі грашыма, вельмі нерваваліся на касе і ўвесь час пазіралі ў бок камеры.

«Не ведаю чаму, але я ўзяла ў гэтых жанчын грошы і дала рэшту. Магчыма, гэта адбылося з-за вялікага патоку людзей і хаосу, які тады адбываўся ў цэнтры горада. Жанчыны не пералічылі грошы, імгненна на касе выпілі піва і сышлі».

Ужо зараз прадавачка ўспамінае, што жанчыны яўна разбіраліся ў валюце, бо адна з іх яшчэ нешта купляла на 5 беларускіх рублёў.

Калі ў кафэ зразумелі, што іх падманулі, выклікалі міліцыю. Праводзіцца праверка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?