Лукашэнкаўскія СМІ працягваюць публікаваць «допісы з абурэннем» адносна пратэстаў супраць адкрыцця рэстарана з саўнамі на мяжы Курапат. Чарговы такі матэрыял апублікавала «Мінская праўда». Яго аўтар — палітолаг з Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта Аляксей Бяляеў.

«Непрыстойна. Паскудна. Брыдка… Такія словы самі просяцца на язык, калі гаворка заходзіць пра сітуацыю, якая склалася вакол месца, якое стаў шырока вядомым 30 гадоў таму, — піша выданне. — У апошнія гады незадавальненне «палітычных некрафілаў» сталі выклікаць спробы пабудаваць побач з урочышчам розныя сацыяльныя аб'екты, напрыклад, офісныя будынкі або рэстаранны комплекс, — піша Бяляеў. — Нягледзячы на тое што аб'екты ўзводзяцца цалкам афіцыйна, не на месцы пахавання і не ў ахоўнай зоне, псеўдаабаронцы Курапат распаўсюджваюць ілжывую інфармацыю і ладзяць зусім ужо непрыстойныя справы, якія маюць, дарэчы, цалкам выразныя азначэнні ў Крымінальным кодэксе. Інакш як можна расцаніць блакаванне праезнай часткі? Лаянку і абразы, якімі так званыя пікетоўцы паліваюць наведвальнікаў рэстарана? Або самавольнае ўсталяванне крыжоў у ахоўнай зоне ўрочышча, гэта значыць парушэнне яго цэласнасці, ды яшчэ ў жывым інтэрнэт-эфіры, з разлікам на абавязковы скандал?» — абураецца аўтар лукашэнкаўскай газеты.

«Памятаць пра ахвяры, безумоўна, важна, — піша Бяляеў. — І дзяржава даўно ўзяла курс на ўвекавечанне памяці аб іх: выдзелена фінансаванне, актыўна распрацоўваецца і рыхтуецца да ўсталявання памятны знак, праводзяцца суботнікі па добраўпарадкаванні тэрыторыі. Курапаты павінны стаць мемарыялам, месцам ціхага смутку, а зусім не арэнай палітычнага цырка і прыватызаванай маргінальнымі апазіцыйнымі палітыкамі пляцоўкай для перформансаў», — піша Бяляеў.

Аляксей Бяляеў і раней уваходзіў у групу палітолагаў, якіх публікавалі дзяржаўныя СМІ і ўвесь час запрашалі на ток-шоу тэлеканалаў.

Звяртае ўвагу, што за два дні пасля публікацыі артыкул Бяляева прачыталі 12 (дванаццаць) чалавек. Адпаведная статыстыка даступная на сайце газеты.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?