На расійскім сайце Logirus, які піша пра лагістыку ў Расіі, з'явілася інфармацыя, што з 1 жніўня спыняецца пропуск грамадзян трэціх краін праз беларуска-расійскую мяжу. Гэтае рашэнне Масквы б'е па даходах Беларусі ад транзіту.

Фота: autotraveler.ru.

Фота: autotraveler.ru.

Прычына такога рашэння — расійскі закон «Аб дзяржаўнай мяжы Расійскай Федэрацыі». Паводле яго ўсе катэгорыі замежных грамадзян могуць уязджаць у Расію ці выязджаць з яе праз шматбаковыя / двухбаковыя пункты пропуску, адкрытыя для міжнародных зносін. На расійска-беларускай мяжы такіх пунктаў пакуль няма. Таму перасякаць яе на аўтатранспарце могуць толькі грамадзяне Расіі ці Беларусі.

Расійскае выданне звярнулася па каментар да маскоўскага прадстаўніцтва Міжнароднага саюза аўтамабільнага транспарту і да Беларускай асацыяцыі міжнародных перавозчыкаў. У гэтых установах расказалі, што афіцыйных паведамленняў на гэтую тэму яны пакуль не бачылі.

А вось у беларускім МЗС пацвердзілі, што расійскі бок сапраўды даслаў беларускаму адпаведнае апавяшчэнне, паведаміў начальнік аддзела ЗЭД у ТАА «ГроднаГрузЭкспрэс» Андрэй Рапецкі. Пры гэтым абмежаванні будуць тычыцца толькі фізічных асоб.

У выніку такога рашэння транспарт з польскімі, літоўскімі ды ўкраінскімі кіроўцамі вымушаны будзе аб'язджаць Беларусь праз Латвію ды Украіну. Гэта свайго роду пакаранне Беларусі за рашэнне дазволіць бязвізавы ўезд іншаземцаў у краіну.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?