Чытач «Нашай Нівы» Сяргей Макрэнка расказаў, што пачынаючы з кастрычніка 2017 года ён накіроўваў звароты ў школу, аддзел адукацыі, Міністэрства адукацыі, пракуратуру Гомеля.
«Сэнс усіх адказаў, якія я атрымаў, — распавядае Сяргей, — калі набярэцца неабходная колькасць дзяцей, тады клас і будзе арганізаваны. Было абяцана, што будзе праведзенае апытанне бацькоў, ці жадаюць яны аддаць дзіця ў беларускамоўны клас, і пра гэта будзе мне паведамлена».
На сёння невядома, колькі бацькоў, акрамя Сяргея, падалі заяўку ў беларускамоўны клас. Дырэктар школы цяпер знаходзіцца ў адпачынку.
«Я заклікаю бацькоў, якія хацелі б, каб дзіця навучалася па-беларуску, падаваць дакументы ў СШ №5. Для гэтага дастаткова ў заяве падкрэсліць пажаданую мову навучання», — просіць Сяргей Макрэнка.
Прыём дакументаў у першы клас ажыццяўляецца да 28 жніўня. Дадатковую інфармацыю можна атрымаць па гомельскіх тэлефонах 8-0232-32-00-91 і 8-0232-32-00-93.
Іншы варыянт — падаць дакументы ў гімназію №36. Там таксама набіраюць беларускамоўны клас.





