Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін і амерыканскі лідар Дональд Трамп на саміце ў Хельсінкі абмеркавалі Косава і ўзгаднілі свае пазіцыі па гэтым пытанні, піша Gazeta Express са спасылкай на дыпламатычныя крыніцы.
Фота: kremlin.ru.
Паводле іх інфармацыі, прэзідэнт ЗША таксама даў згоду на падзел часткова прызнанай дзяржавы. Адзначаецца, што яго адміністрацыя лічыць правільным прызнанне незалежнасці рэгіёна ад Сербіі ў абмен на перадачу ёй часткі зямель Косава.
Газета піша, што такое змяненне ў поглядах у параўнанні з папярэднімі прэзідэнтамі (яны выступалі за непарушнасць межаў Косава) звязана з прыходам Джона Болтана на пасаду дарадцы прэзідэнта ЗША па нацыянальнай бяспецы. Адзначаецца, што ён вядомы антыкосаўскімі поглядамі з тых часоў, калі быў амерыканскім прадстаўніком у ААН.
Рэспубліка Косава — часткова прызнаная дзяржава на Балканскім паўвостраве. Асноўнае насельніцтва — албанцы. Сербія лічыць Аўтаномны край Косава і Метохія, як называецца рэгіён у канстытуцыі, часткай сваёй тэрыторыі.





