Нечакана стала вядома пра павелічэнне тэрміну бязвізавага знаходжання для замежнікаў у Беларусі да 30 дзён. 

Гэта адбылося абсалютна раптоўна, бо раней гаворка вялася пра магчымае павелічэнне тэрміну толькі да 10 дзён для тых, хто прылятае ў Беларусь праз аэрапорт «Мінск-2» і вылятае адтуль жа. 

Чым выкліканы такі крок? «Наша Ніва» спытала пра гэта ў старшыні міжнароднай камісіі Палаты прадстаўнікоў Валерыя Варанецкага. 

Фота Сяргея Гудзіліна.

Фота Сяргея Гудзіліна.

«Падаўжэнне тэрміну знаходжання — гэта сведчанне адкрытасці Беларусі. Зроблена гэта для пашырэння кантактаў між людзьмі і павелічэння турызму. Для мяне гэта не стала нечаканасцю, бо як толькі было прынята рашэнне аб пяцідзённым бязвізе, адразу ж пачалася работа па павелічэнні гэтага тэрміну. Пра гэта казалі і прэзідэнт, і МЗС», — сказаў Варанецкі.

Мы нагадалі яму, што раней падобны крок выклікаў нервовую рэакцыю ў Расіі — у Маскве казалі, што праз Беларусь да іх могуць трапіць нават тэрарысты. Праз гэтую прычыну расейцы нават пачалі абсталёўваць пагранічныя пункты. Ці не будзе так і ў гэты раз?

«Я думаю, што нервовых рэакцый не будзе. Прайшоў дастатковы час для таго, каб ацаніць эфекты пяцідзённага безвізу. Ніякіх праблем гэта не стварыла», — сказаў дыпламат.

Але ці можна чакаць нейкіх крокаў у адказ? Напрыклад, ад ЕС?

«Еўрасаюз павінен быў бы даўно ўвесці такі ж самы рэжым, які дзейнічае ў той жа Грузіі і Расіі [там адкрыццё шэнгенскай візы каштуе 30 еўра замест 60 еўра у нас — Рэд.]. Але, на жаль, ЕС — вельмі бюракратычная стуктура, ім трэба шмат часу, каб ажыццявіць нейкае рашэнне», — падсумаваў Варанецкі. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0