Каля Курапатаў працягваецца пікетаваньне рэстарацыі «Паедзем, паядзім», закрыцьця якой другі месяц патрабуюць актывісты розных арганізацыяў дэмакратычнага кірунку, паведамляе Радыё Свабода.

13 ліпеня пікетоўцам не пашкодзіла моцная залева, якая тут працягвалася амаль гадзіну.

«За час пікетаваньня ў рэстарацыю заехала толькі пяць машын з наведнікамі, зь іх адна хутка зьехала, — расказаў Свабодзе сустаршыня «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч. — Нам яны сказалі, што там не спадабаўся нават антураж. Наведнікаў з чатырох машынаў мы адгаварылі тут есьці, у тым ліку зь іх былі дзьве з расейскімі нумарамі. Людзі сапраўды нічога ня ведалі пра Курапаты, а калі нас паслухалі, дык пагадзіліся, што тут нельга было адкрываць рэстарацыю, і зьехалі».

Актывістка Натальля Гарачка дадала, што пікетоўцы пачалі па-новаму ўзьдзейнічаць на наведнікаў рэстарацыі.

«Называем ім добрыя рэстарацыі побач, адрасы кажам, — расказала Гарачка. — Прыкладам, той жа «Ачаг» у пачатку Лагойскай шашы, іншыя месцы. І людзі зьяжджаюць, не крыўдуючы на нас. Трэба і далей прапаноўваць альтэрнатыву, а ня проста крытыкаваць гэты рэстаран».

Паводле пікетоўцаў, ім ад уладальнікаў рэстарацыі «Паедзем, паядзім» прапаноў наконт перамоў сёньня не было.

«Спачатку закрыцьцё рэстарану, потым перамовы», — паўтараюць свае ўмовы пікетоўцы.

Супрацоўнікі ДАІ 13 ліпеня ніводнага пратаколу на пікетоўцаў не складалі, хоць да пікету ня раз набліжаўся аўтамабіль дарожнай інспэкцыі. Актывістка Ганна Шапуцька мяркуе, што пікетоўцы «не давалі падставаў».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?