Беларуска Вольга Корбут была гімнасткай з унікальнымі дасягненнямі. Калісьці гэта ставілі ў заслугу трэнеру, Рэнальду Кнышу. Цяпер Корбут абвінаваціла яго ў згвалтаванні.

Беларуска Вольга Корбут была гімнасткай з унікальнымі дасягненнямі. Калісьці гэта ставілі ў заслугу трэнеру, Рэнальду Кнышу. Цяпер Корбут абвінаваціла яго ў згвалтаванні.

Я вырашыў звярнуцца да рэдакцыі «Нашай Нівы» рассылкаю ў СМІ, асобным журналістам, грамадскім і палітычным дзеячам, пісьменнікам.

Я задаю прынцыповае пытанне рэдакцыі «Нашай Нівы»: прынцыпы прававой дзяржавы для вас каштоўныя ці не? Прэзумпцыя невінаватасці для вас — каштоўнасць ці не?

Ужо забытая, бадай, усімі людзьмі, якім за 50, і не вядомая маладзейшым пакаленням беларусаў, Вольга Корбут абвінаваціла свайго трэнера ў згвалтаванні, што адбылося на пачатку 1970-х. 45 гадоў жанчына маўчала, нікому, нават самым блізкім, не скардзілася, не апавядала і раптам згадала. Публічна абвінаваціла свайго настаўніка ва ўчыненні крымінальнага злачынства. І «Наша Ніва» гэтае абвінавачанне тыражуе. Ну, робячы выгляд, што падае інфармацыю ў адпаведнасці з прынятымі стандартамі: аб’ектыўна і ўсебакова. І такім чынам публічна абляпвае гразёю даўно немаладога чалавека, заслужанага трэнера Беларусі і Савецкага Саюза.

Ведаючы савецкія парадкі, я сумняваюся, што чалавеку прысвоілі б гэтыя званні, калі б на яго меўся нейкі кампрамат ці нават падазрэнне або чуткі пра яго амаральныя паводзіны, тым больш крымінальны учынак.

Пра тое, што паміж Вольгай Корбут і яе трэнерам адбыўся канфлікт, піша і Вікіпедыя, але гэта быў рабочы канфлікт паміж настаўнікам і амбіцыйнай вучаніцай, якая так і не стала абсалютнай чэмпіёнкай. Яе абышла ейная ж суперніца Людміла Турышчава, зорны час якой доўжыўся з 1968 па 1974 год. Прозвішча ж Вольгі Корбут красавалася наверсе турнірных табліцаў толькі ў 1972—1974 гг. І поспехі яе звязаныя з імем яе настаўніка Рэнальда Кныша.

І вось праз 45 гадоў Вольга Корбут публічна абвінаваціла свайго настаўніка ва ўчыненні крымінальнага злачынства. І «Наша Ніва» смакуе гэтую заяву жанчыны, якой пасля зорнага часу не асабліва пашанцавала ў асабістым і публічным жыцці, якой давялося прадаць свае алімпійскія ўзнагароды. Але ў яе было імя. Яна была легендай гімнастыкі. Цяпер, абляпаўшы настаўніка, яна абляпала і сябе.

Гэта павеў такі — у модзе радыкальны фемінізм. Узоры задаюць амерыканкі, а беларускі і ў Беларусі, і за мяжой гэтыя ўзоры малпуюць. А схільныя да сенсацыйнасці і жаўцізны СМІ тыражуюць заявы немаладых жанок, якіх нібыта нехта калісьці гвалціў.

Нібыта — таму што няма ніякіх доказаў злачынства, учыненага трэнерам, апроч словаў. Ні рэчавых доказаў, ні сведкаў. Не названы ні дата, ні час злачынства. Месца і тое названа прыблізна: гасцініца. А дзе канкрэтна — пра тое невядома.

Узяўшы ўдзел у перадачы 1-га каналу расійскага ТБ, Вольга Корбут, пэўна ж, атрымала за гэта ўзнагароджанне, бо папрацавала на яго рэйтынг. Якая-ніякая, а дабаўка да тых грошай, якія яна атрымала ад продажу сваіх алімпійскіх медалёў.

«Наша Ніва», якая звычайна негатыўна ці не вельмі прыхільна ставіцца да расійскага ТБ, з гатоўнасцю падхапіла і «развіла» пачутае…

…Пры гэтым рэдакцыю «Нашай Нівы» не цікавіць такая рэч, як прэзумпцыя невінаватасці. Яны, супрацоўнікі, «НН» могуць нават сказаць: гэта не мы вінавацім — гэта «пацярпелая». А мы тыражуем. Мы распытваем і трэнера, і ягоную жонку, мы аб’ектыўныя. Этычны бок справы, тое, што яны распаўсюджваюць сцвярджэнні аб падзеях, верагоднасць якіх не даведзена ў адпаведнасці з нормамі крымінальна-працэсульнага права, іх не хвалюе і нават не цікавіць. Я ўжо маўчу пра тое, што яны сваімі званкамі і пытаннямі скарачаюць век трэнера.

Мо, панове нашаніўцы і паненкі з «женотдела» рэдакцыі (ёсць такі) пагутарылі б з самой Корбут, удакладнілі б дэталі, вывудзілі б нейкую канкрэтыку? Мо пачакалі б, калі тая Корбут падасць заяву аб учыненым гвалце ў суд ці пракуратуру? Ці не падасць? Не адважыцца ці тэрмін даўнасці прайшоў? А раз не падасць, то чаму вы распаўсюджваеце голыя, агульныя абвінавачанні не маладой ужо жанчыны на адрас яе настаўніка?..

…Трывожна, што ў нашай краіне прававога чарнобылю, нормы права і этыкі ігнаруюць тыя, хто абвяшчае сябе абаронцамі правоў чалавека.

Заклікаю калектыў «Нашай Нівы»: спыніцеся!

Ад рэдакцыі: Мы лічым гэтую тэму значнай і вартай абмеркавання. Таксама ў матэрыяле мы пастараліся даць слова ўсім бакам канфлікту. На жаль, непасрэдна звязацца з Вольгай Корбут мы не можам, бо не маем яе кантактаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0