Новы і пакуль безназоўны орган заўважылі выпадкова, аналізуючы вынікі звычайнай медыцынскай працэдуры — эндаскапіі. Гастраэнтэролагі даследавалі кішачнікі пацыентаў з дапамогай канфакальнага лазернага эндамікраскопа: гэты прыбор дазваляе вывучаць мікраскапічную структуру тканак, не аддзяляючы іх, наўпрост унутры цела.

У тым месцы, дзе жоўцевыводныя шляхі меліся быць акружаныя шчыльнай аднастайнай сценкай, навукоўцы выявілі перапляценне канальчыкаў.

Апісанняў падобнай структуры ў гэтым месцы няма ў падручніках па анатоміі, таму навукоўцы звярнуліся па кансультацыю да спецыяліста па лабараторнай дыягностыцы Ніла Тэйзі з Медыцынскай школы ўніверсітэта Нью-Ёрка.

З дапамогай эндаскопа з канфакальным лазерным мікраскопам Тэйзі выявіў падобныя структуры пад слізістай абалонкай уласнага носа, а таксама ў многіх іншых органах пацыентаў: уздоўж усяго стрававальнага тракту, вакол мачавога пухіра, артэрый, бронх і звязкаў, пад скурай — усюды, дзе злучальная тканка прымацоўваецца да іншых тканак і органаў.

Пры звычайнай біяпсіі сетка каналаў губляе вадкасць і становіцца незаўважнай. Выняць яе з арганізма і вывучыць ў лабараторыі атрымалася толькі замарозіўшы тканку перад біяпсіяй. Сетка апынулася часткай падслізістага пласта — тканкі, якая злучае цягліцавую і слізістую абалонкі і адначасова — раней незаўважаным элементам міжтканкавае прасторы. Яе канальчыкі запаўняе лімфа, а структуру падтрымліваюць шчыльна ўкладзеныя адзін на аднаго калагенавыя вузельчыкі.

Усю гэтую сістэму аўтары артыкула прапануюць разглядаць як самастойны орган, гэта значыць як групу тканак, якія выконваюць у арганізме спецыфічную функцыю.

Магчыма, асноўная функцыя міжтканкавай сеткі каналаў, запоўненых вадкасцю, — змякчэнне удараў, аднак па іх могуць распаўсюджвацца і ракавыя клеткі. Ролю новага органа ў метастазаванні яшчэ трэба будзе ўдакладніць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?