Пасля пажару ў гандлёвым цэнтры ў Кемераве ў Беларусі пачаліся масавыя праверкі падобных аб'ектаў — правяраюць шляхі эвакуацыі, сістэмы пажаратушэння і г.д.
Адразу ж некаторыя спецыялісты і ўладальнікі гандлёвых цэнтраў пачалі казаць, што пажары такога ж маштабу, як у Кемераве, у Беларусі проста немагчымыя.
У прыватнасці, ізраільскі інжынер-будаўнік Серж Альпэрн у інтэрв'ю «Свабодзе» адзначыў:
«Думаю, што [такі пажар, які здарыўся ў расійскім Кемераве, у Беларусі паўтарыцца — рэд.] не можа. Там адбыўся цэлы ланцужок парушэнняў, якія прывялі да гэтай трагедыі. Дастаткова, каб у гэтым ланцужку хоць адно звяно выпала, і тады трагедыя не адбылася б у такіх маштабах.
Калі казаць пра Беларусь, то тут даволі сур’ёзны кантроль дзяржаўных органаў. Яго вядзе і Дзяржбуднагляд, і пажарная інспекцыя на самых розных узроўнях і этапах праекта. Пачынаецца ўсё з праверкі праектнай дакументацыі на стадыі звароту забудоўшчыка па дазвол на будаўніцтва. Гэтым займаецца Дзяржбуднагляд. Апроч яго, правяраюць розныя інстанцыі пажарнай інспекцыі».
І сапраўды, у свядомасці беларусаў ёсць меркаванне, што з-за меншых маштабаў карупцыі і больш эфектыўнай працы пажарных служб сітуацыя з пажарнай бяспекай у Беларусі значна лепшая, чым у суседніх Расіі ці Украіне.
Але калі паглядзець на статыстыку Міжнароднай асацыяцыі супрацьпажарных і выратавальных служб, паказчыкі Беларусі сярод найгоршых.
У прыватнасці, у справаздачы асацыяцыі прыводзяцца дадзеныя за 2015 год па адноснай колькасці ахвяр на 100 тысяч насельніцтва і на 100 пажараў.
Калі глядзець на колькасць смерцяў у пераліку на 100 тысяч насельніцтва, тут сітуацыя нярадасная. Горш толькі ў Расіі.
Колькасць смерцяў на пажарах на 100 тысяч насельніцтва, статыстыка Міжнароднай асацыяцыі супрацьпажарных і выратавальных служб за 2015 год.
Па колькасці ахвяр на 100 пажараў у Беларусі найгоршыя паказчыкі сярод 31 краіны — 7,9 смерці на 100 пажараў. Тут у нас усё нават горш, чым у Расіі ці Украіне.
Сярэдняя колькасць смерцяў на пажарах на 100 пажараў, статыстыка Міжнароднай асацыяцыі супрацьпажарных і выратавальных служб за 2015 год.