Фота Еўрарадыё

Фота Еўрарадыё

Еўрарадыё распавядае гісторыі сцягоў, якія прынеслі іх гаспадары 25 сакавіка на Дзень Волі да Опернага тэатра.

Міхаіл Бацян, 66 гадоў, і яго жонка, Людміла, 62 гады:

«Муж працаваў дыпламатам у Вене. І пашпарты ў нас былі з пагоняй. А потым ужо ўсё адмянілі: усё пазбівалі, паламалі, перакрышылі. А гэтыя сцягі былі ў нас у амбасадзе, там, у Вене. Яны прама там віселі. У нас было тры сцягі. Адзін забралі ў 2006-м, калі на плошчы моладзь разганялі. Папрасіў адзін хлопец мой сцяг патрымаць, пакуль я на ноч дадому сыходзіла, бо ўжо старая баба. А іх раніцай затрымалі, і мой сцяг на вудачцы недзе загінуў. Цяпер вось два засталіся: гэты і дома адзін, 3 на 6, яго дачка пашыла. Я вырашыла яго не браць, бо тут мала плошчы. Відаць, не час яшчэ. Але аднойчы яго разгортвалі, у 2010-м 19-га снежня. Сёння ад раніцы ў нас на балконе рассада і сцяг. Людзі сабак выгульваюць, а я — сцяг. Свята ж. А так у шафе ляжаць, на жаль. Але як толькі якая нагода — бяру і выходжу. Мы ж і на Якуба Коласа сёння былі, а як пачаўся хапун пайшлі па-ціху сюды. Але на ўсялякі выпадак бутэрброды з сабой узяла». 

Зміцер Кашавар, выдавец, 39 гадоў, і яго бацька Васіль, 69 гадоў, выкладчык:

«Я набыў гэты сцяг у 93-м годзе ва ўнівермагу «Беларусь», каб хадзіць на футбольныя матчы з сябрамі. Сябра набыў сцяг сярэдніх памераў, а я выбраў самы вялікі. З тых часоў я і пераехаў, сям’я стварылася, а сцяг захаваўся. Ён шмат чаго перажыў: яго адбіралі, але я не аддаваў, хіба што з беспрытомнага цела яго можна было ўзяць. Я так выхаваны, што сцяг гэта святое. У 90-х я часта выходзіў на мітынгі, на стадыён да 97-га браў з сабой. Але калі паўстала пытанне, што сцяг забяруць, вырашыў не рызыкаваць і схаваць. Бацькі хавалі. На свята часам на балкон вывешвалі. Апошні раз я яго выносіў на вуліцу напрыканцы 90-х. Сёння вось вынеслі разам з бацькам». 

 

Юрась, 42 гады, прадпрымальнік, жонка Таццяна, 41 год, бухгалтарка і іх сын

«Сцяг гэты ў мяне гадоў 15. Тады не было дзе набыць, я шукаў і знайшоў яго на ўправе БНФ. Ён у мяне ляжыць дома на стале. Пазней з’явіліся цікавыя сцяжкі, але гэты дома, як рэліквія. У мяне шмат сцяжкоў. У аўтамабілі адзін, у шафе… Можа дзесяць. Я глядзеў фільм пра Месі. Ён распавядаў, маўляў, было ўсё адно, абы кожны раз давалі б новы мяч. Так і тут: бачыш сцяжок, такі прыгожы — немагчыма ўтрымацца».

Сяргей, лекар, мае за 50 гадоў:

«Разам з жонкай мы хадзілі на шэсці ў 90-я. Так у нас у кватэры сцяг і застаўся да гэтага часу. Такі ўспамін пра тыя часы. Дома ён на шафе стаіць, на бачным месцы. Але ў нас ёсць яшчэ адзін сцяг, больш новы, яго сын набыў. Але сёння гэты трапіўся пад руку, як больш надзейны, таму ўзяў з сабой». 

 

Вольга, 71 год, перакладчыца-пенсіянерка: 

«У мяне тры такіх сцягі. Аднойчы я іх купіла на ўсялякі выпадак на адным з мітынгаў на выпадак, калі пойдуць мае сябры са мной. Гэта была 15-20 гадоў таму. Сцягі захоўваюцца ў шафе. Калі трэба — дастаю. Год таму я была з гэтым сцягам на шэсці на Чарнобыльскім Шляху. Увогуле я ў гэтым руху з першай лекцыі ў тэатральным інстытуце, якую чытаў Зянон Пазняк. У мяне ёсць фота, дзе 23 гады таму вось тут мы стаялі перад нашым тэатрам. Гэта было лета. Тады ў нас кожныя два месяцы былі святы. У мяне ёсць і значкі, і гадзіннік з нашай сімволікай, ёсць наша паштовая марка — я яе берагу, яна ляжыць у мяне ў ганаровым месцы».

 

Леанід, 29 гадоў, бізнесмен:

«Гадоў 10 таму хтосьці мне падарыў герб «Пагоня» і гэты сцяг. А сцяг, напэўна, родам з часоў Незалежнасці. Ён у мяне ляжыць складзены ў шафе, чакае свайго часу. Перыядычна з ім выходжу. Звычайна мы ходзім у паходы і на канцэрты і бярэм з сабой сцягі».

 

Генадзь, 55 гадоў, начальнік выпрабаваўчай лабараторыі:

«Я ўвогуле чалавек апалітычны, але сваю гісторыю кожны беларус мусціь ведаць. Як толькі Лукашэнка прыйшоў да ўлады, я выходзіў на дэманстрацыі са сваімі дзецьмі і пляменнікамі з гэтым сцягам. Мне падабаюцца колеры нашага сцяга, да таго ж, глядзіце, у мяне тут і радавы герб — я адмыслова патраціўся, каб быць далучаным да гістарычных момантаў. Хачу, каб мае дзеці пра гэта памяталі, а не проста хадзілі на канцэрты. Пад гэтым сцягам і мой брат выходзіць, і мае пляменнікі. Сцяг дома ляжыць. Калі настальгія бывае, дык я яго ў спальні магу павесіць. Я ўпэўнены, што мы вернемся да гістарычнай сімволікі. Калі ўжо расійцы прыйшлі да трыкалора, то мы таксама прыйдзем».

 

Сяргей, 40 гадоў, юрыст-гаспадарнік:

«Мая маці прынесла гэты сцяг ад калегі з працы — яе сын быў у БНФ. Ён цяпер жыве ў Чэхіі. А мне тады дасталося два сцяга — гэта маленькі, самаробны, і больш вялікі, на драўляным дрэўцы, але ён пажоўк ад часу. Гэтаму сцяжку 25 гадоў. Ён ляжыць дома ў шафе, каб не выгараў. Да вясны 2006 года выкарыстоўваўся рэгулярна. А з таго часу даволі рэдка. Якая-ніякая маленькая гістарычная каштоўнасць». 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0