Усім! Усім Усім!
    Шлезьвіг і Зальцбург, і далёкі Рым!
    І мяшчане славутага Бэрліна!
    Ідуць зь лясоў дрымучых літвіны
    Вас пацяшаць, штукамі забаўляць,
    Дзівосы з далёкага Княства паказваць.
    Мядзьведзь буры па вуліцах брукаваных няўклюдна ступае,
    На раскошу Ганзы ляніва сабе пазірае,
    На іхніх паноў і халопаў,
    Страсбур і Брэмэн, золата гандляроў Эўропы.

* * *

    На плошчы, сярод кірмашнага люду,
    Увечары зараўлі беларускія дуды.
    Зьдзіўляліся тамтэйшыя людзі,
    Сталыя і малыя: «Што ж далей будзе?»
    На мядзьведзя вучонага раты разявалі,
    У далоні пляскалі, працягу чакалі,
    Па-свойму сабе нешта шпрэхалі:
    «Дзіўныя гэты нетутэйшыя людзі:
    З жывёлінай дзікай да нас прыблукалі,
    Танцы такія нам граюць,
    Што шчэ не чуваць было
    Пад нашымі стрэхамі».

* * *

    Вечар удалы, зноў перамога,
    Скамарошая слава, талераў многа,
    Адпачыць бы літвіньнікам.
    У першыя хвіліны сну,
    Пасьля келіхаў трох віна,
    Думалася пад ратушныя ўдары гадзіньніка:
    «...Заўтра зноў шлях
    Па буйных гарадах...
    Народ пацяшаць выкрунтасамі...
    І ўсё ў іх падобна да нас...
    І дуды равуць,
    І карагод гэтаксама вядуць,
    І да смаку былі іх каўбасы нам...
    Але дзе ў нас драўлянае — каменьне ў іх,
    І балбочуць груба на наскі слых,
    Эх, заснуць бы хутчэй...», — і паддаўся снам...

* * *

    Прайшлі заходнімі дарогамі многімі,
    Назаўжды запомнілі гэта ногі іх,
    Горад за горадам, места за местам,
    Туды, дзе больш выгадная прапазыцыя.
    На кірмашах, каля ратушаў, пад гербамі,
    Пад золатам праўленымі дамамі,
    Пад раскошнымі камяніцамі
    Дудар не адпачываў, вадар не спаў,
    Мядзьведзь соты раз сьмяхоцьце крыўляў,
    Крыўляў, крыўляў, перакрыўліваў.
    Паходні палалі, бубнаў не шкадавалі,
    Агмень у натоўпе мядзьведнікі раскладалі
    З жартаў і танцаў,
    Пачуцьцяў ніхто ня стрымліваў.
    Нямецкія назвы бессэнсоўна мільгалі,
    Палацы раскошай вока стамлялі,
    Вочы дарогу дамоў выглядалі...

* * *

    Брук і ліхтары, захад, кірмашы --
    Адпусьцілі літвіньнікаў.
    Кіруюць на ўсход,
    Палякі — гасьцінны народ.
    Ідуць літвіньнікі,
    Падсумоўваюць вынікі.
    Радасьці посьпехаў не адняць,
    Героямі сябе мняць,
    Землякоў сваіх першых вітаюць.
    Але думка ня хоча адна адпускаць:
    «Ці ў Княстве дадуць нам вольна зайграць,
    Скамарошыя грошыкі зарабляць?
    Што магістраты нашыя да нас маюць?

* * *

    Князь не забыўся на іх,
    Загад па мястэчках чытаюць услых:
    «...Разам з усімі бадзягамі...
    Кожны хай восем грош дае...
    Той, хто бяз справы ў нас пэўнае...»
    Вось так.... Хто бяз справы ў нас пэўнае...
    Справы ім падавай... Якой?
    Залатарнай, кавальскай, піўной?
    Абы грошай паболей сабраць!
    Да шэлега ўсё абабраць!
    Чужынцы золата сыпалі, а рабуюць — крэўныя!
    «Кінуць!» — падступіла крыўднае пачуцьцё.
    «Але касалапы, хаўруснікі і дарога —
    Вось яно і жыцьцё.
    Куды ўжо бяз гэнага?
    Як былі, так і будзем — мядзьведнікі.
    Вільня, Крэва ды Меднікі,
    Кірмашы Слоніма і Гародні, —
    Шляхоў хопіць на ўсё лета Гасподне».

* * *

    Па роднай Літве бадзяюцца,
    Людзей весяліць не стамляюцца,
    А грошы — адныя грашы
    Ды памяць трымае ўспамін стары:
    Каваныя ліхтары,

    Шырокія капелюшы...

    Натоўпы люду стракатага,
    Халопы й паны далікатныя...
    І дуда, як у нас, раве,
    І вадар карагод вядзе,
    Але ёсьць штось такое ў тым народзе...»
    Скончаны сказ пра літвіньнікаў.
    Годзе!

* * *

Мядзьведнікі, альбо літвіньнікі — беларускія скамарохі, якія паказвалі жартоўныя прадстаўленьні з дрэсіраваным мядзьведзем. Ужо польскія летапісы XIV ст. згадваюць «літвіньнікаў», прывезеных у Кракаў беларускімі баярамі для забавы двара Ягайлы. У XVI—XVII ст. выступленьні беларускіх скамарохаў зь мядзьведзямі зафіксаваныя ў розных краінах Заходняй Эўропы, на Балканах, у Скандынавіі і Масковіі. Дзеля папулярнасьці гэтага рамяства Радзівілы стварылі г.зв. «Смургонскую акадэмію» — цэнтар скамароства і дрэсіроўкі мядзьведзяў.

У загадзе Вялікага князя Жыгімонта Аўгуста за 1566 г. аб агульным падатку пазначана: «зь людзей валачашчых, каторыя бяз службы мяшкаюць, і тэж зь мядзьведнікаў, дуднікаў, скрыпкаў, і з каждага гудка і іных, у местах мяшкаючых, хто службы пэўнае ня маець, з галавы самога і белых галоў і дзяцей па асьмі грашэй». Іншыя рамесьнікі плацілі падатак велічынёй 2—4 грашы.

* * *

Штодзённа ў рубрыцы «Літаратура» на сайце НН — новыя творы і мініятуры. Чытайце для сэрца, чытайце для розуму, чытайце для мовы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?