Ва ўрадзе Ісландыі разглядаюць пытанне пра тое, каб у падтрымку Вялікабрытаніі цалкам адмовіцца ад прысутнасці на матчах і мерапрыемствах чэмпіянату свету па футболе 2018 года ў Расіі. Пра гэта са спасылкай на міністра замежных спраў краіны Гудлаўгура Тор Тордарсана паведамляе мясцовае выданне RÚV.

Поўны байкот чэмпіянату ісландскім урадам, як растлумачыў кіраўнік замежнапалітычнага ведамства, будзе азначаць, што ніякія чыноўнікі краіны не будуць прысутнічаць на мерапрыемствах ЧС-2018.

Пры гэтым удзел у спаборніцтвах нацыянальнай мужчынскай футбольнай каманды і прысутнасць на матчах ісландскіх заўзятараў не будуць забаронены. Гэта, па словах Тордарсана, «сумневаў не выклікае».

«Удзел у ЧС-2018 для футбалістаў з Ісландыі — унікальная магчымасць», — заўважыў міністр. Ісландская нацыянальная зборная па футболе, як нагадвае RÚV, у 2016 годзе ўпершыню ў сваёй гісторыі прымала ўдзел у фінальнай частцы кантынентальнага першынства: тады спартсмены выйшлі ў чвэрцьфінал чэмпіянату Еўропы. «Вельмі важна, каб мы зараз, калі выклікалі да сябе такую вялікую цікавасць, скарысталіся гэтай магчымасцю», — сказаў Тордарсан.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0