Гомельскія ініцыятары правядзення святочнага канцэрта ў гонар стагоддзя абвяшчэння БНР атрымалі адмову ад гарвыканкама. Чыноўнікі спаслаліся на занятасць памяшкання ў гэты дзень.

Раней шэраг грамадскіх актывістаў і гісторыкаў падаў заяўку ў гарвыканкам, каб правесці святочны канцэрт 25-га сакавіка і адзначыць стагоддзе абвяшчэння Беларускай народнай рэспублікі. У гэты дзень у горадзе над Сожам плануецца правядзенне тэматычнай экскурсіі па горадзе і яе дапаўненнем меўся быць канцэрт, на які сабраліся б музыкі і гурты, паэты ды грамадскія дзеячы. Правесці яго меркавалася ў Гарадскім цэнтры культуры, каб месца правядзення адпавядала маштабу падзеі.

Але 15 сакавіка гарвыканкам даслаў ініцыятарам адмову ў правядзенні канцэрта ў гэтым будынку ў сувязі з «раней запланаванымі мерапрыемствамі» і прапанаваў азнаёміцца з графікам іх правядзення.

Варта адзначыць, што на сайце ўстановы ёсць звесткі толькі аб дэманстрацыі ў гэты дзень драматычнага фарса «Бабы Шанэль» паводле М. Каляды. Пры гэтым паказ пастаноўкі прызначаны на 15 гадзін, а канцэрт меркавалася пачаць а шостай. Пра правядзенне іншых мерапрыемстваў у ГЦК у гэты дзень не паведамляецца.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?