Стала вядома, хто выступіць на святочным канцэрце 25 сакавіка каля Опернага тэатра ў Мінску.

У святочным дазволеным мерапрыемстве, што пачнецца а 13- гадзіне, возьмуць удзел Dzieciuki, Akute, Amaroka, «Мутнае вока», РСП, Кася Камоцкая, Ігар Варашкевіч, Юрый Стыльскі, Пятро Клюеў.

Нагадаем, што Лявон Вольскі не зможа выступіць ужывую ў Менску праз абавязкі перад гледачамі ў Беластоку. Але будзе выступаць у выглядзе тэлемоста.

Пачатак збору прызначаны на 13.00. З гэтага часу на галоўнай сцэне свята пачнецца музычная праграма з выступамі гуртоў «Мутнаевока» і «Amaroka».

Паралельна на тэрыторыі фэсту пачнуць працаваць тэматычныя пляцоўкі:

— «Вуліца БНР» з прэзентацыйнымі стэндамі і зонамі актыўнасцяў ад творчых, культурніцкіх, грамадскіх і палітычных арганізацый краіны;

— «Ежа БНР» з кропкамі харчавання, дэгустацыйнымі стэндамі, фуд-кортамі і беларускімі стравамі;

— «Кірмаш БНР» з сувенірамі і падарункамі ў нацыянальным стылі, беларускамоўнай літаратурай і настольнымі гульнямі, прэзентацыяй разнастайнай прадукцыі да 100-годдзя БНР;

— пляцоўка «Дзеткі БНР» з адукацыйна-забаўляльнымі заняткамі для дзетак, гульнямі і аквагрымам у нацыянальным стылі.

А 14-й гадзіне ўрачыста адкрыецца «Свята Незалежнасці». Яго правядуць легендарная дыктарка Беларускага тэлебачання Зінаіда Бандарэнка і вядоўца тэлеканалу «Белсат» Усевалад Сцебурака.

Плануюцца выступы запрошаных гасцей, зачытванне 3-й Устаўной граматы, тэатральна-музычная праграма з удзелам актораў «Свабоднага тэатра» і музыкаў. Спявачка Таццяна Грыневіч і мужчынскі хор «Headspring» выканаюць нацыянальныя гімны беларусаў «Мы выйдзем шчыльнымі радамі», «Магутны Божа» і «Пагоня».

З 15.00 да 19.00 на галоўнай сцэне Свята запланаваныя выступы Ігара Варашкевіча і гурта «Крама», Касі Камоцкай з песнямі гурта «Новае Неба», Пятра Клюева з беларускамоўнымі хітамі XXI стагоддзя, лідара гурта «Дай Дарогу!» Юрыя Стыльскага, папулярных гуртоў «Akute», «РСП», «Dzieciuki». Выступы яшчэ некалькіх вядомых гуртоў будуць абвешчаныя за некалькі дзён да 25 сакавіка.

Музычна-забаўляльную частку свята будуць весці акторы «Свабоднага тэатра» Аляксей Сапрыкін і Юлія Шаўчук.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна