Ж.М.Г. лё Клезіё. Фота dn.se

Ж.М.Г. лё Клезіё. Фота dn.se

Аб прысуджэньні прэміі французу сёньня а 14-й паведамілі ў Стакгольме.

Жан-Мары Гюстаў лё Клезіё (Jean-Marie Gustave Le Clézio, нар. 13.04.1940, Ніца) — францускі раманіст і эсэіст.
Ён нарадзіўся ў сям'і хірурга-брытанца і маці, якая паходзіць з старадаўняга брэтонскага роду, што ад XVIII стагодзьдзя асеў на востраве Маўрыкій.

Ён пачаў працоўную кар'еру ў Лёндане, пасьля жыў у Брысталі, яшчэ пасьля атабарыўся як выкладчык у ЗША.

У войска ён пайшоў позна, кантрактнікам, ужо калі выйшлі ягоныя першыя раманы, што прынесьлі яму вядомасьць.
Служыць ён трапіў у Тайлянд. Але ў 1967 годзе яго выганяюць стуль, за тое што ён стаў змагацца зь дзіцячай прастытуцыяй. Яго пераводзяць у Мэксыку, і Цэнтральная Амэрыка стае ягонай спэцыялізацыяй.
Чатыры гады, з 1970 да 1974 гадоў, ён жыве жыцьцём індзейцаў эмбэрас і ўаўнанас у Панаме.

Ён пераклаў на францускую мову міталёгію амэрыканскіх індзейцаў.

Як спэцыяліст па плямёнах Цэнтральнай Мэксыкі, ён абараніў па іх доктарскую дысэртацыю ў галіне гісторыі. Жыве і выкладае ён найбольш ва ўнівэрсытэце Альбукерке ў ЗША.
А піша па-француску.

Ён стаў вядомы пачынаючы з сваіх першых раманаў «Пратакол» (1963), «Трасца» (1965). Малады герой раману «Пратакол» швэндаецца па горадзе, выступае перад тлумам, што каштуе яму зьмяшчэньня ў псіхбальніцу. Наватарскае пісьмо Лё Клезіё падкрэсьлівала агрэсіўнасьць сучаснага дэгуманізуючага грамадзтва («Гіганты», 1973). Пісьменьнік таксама шмат падарожнічаў і дасьледаваў аддаленыя і першабытныя супольнасьці («Каранцін», 1995), нібы шукаючы першакрыніцы чалавецтва.

Героі раманаў Лё Клезіё скрупулёзна займаюцца аналізам уласных адчуваньняў.
Яны зь цяжкасьцю прыстасоўваюцца да агрэсіўнага, павярхоўнага сьвету нашых дзён, сутыкаюцца са сьцяною неразуменьня і адчужэньня.
Пісьменьнік балянсуе між рэалізмам і глючным візіянерствам.

Лё Клезіё славіцца адмысловым стылем.

Ён піша то ў стылістыцы пратаколу, то інсытнага малюнку, з гэтага нараджаецца нешаблонны тэкст.
Паэтыка выкрасаецца з штодзённасьці, вызваляецца новае слова. У выніку пісьмо вызваляецца ад уніформы традыцыйных апавядальных прыёмаў. У свіам эсэ «Матэрыяльны экстаз» (1967), пісьменьнік крытыкуе «дурную манернасьць», «антыкварныя адметнасьці, на якія больш ніхто не купляецца».

Можна сказаць, што сёлетні Нобэль атрымала багатая француская літаратурная традыцыя, а зь яе ўзнагародзілі рэфарматара, які пашырыў стылістычныя межы літаратуры.

На беларускую яго не перакладалі.

Пераклад зь Лё Клезіё чытайце ў наступным нумары «НН».

Нобэлеўская прэмія ў галіне літаратуры складаецца з залатога мэдаля, дыплёма Швэдзкай Каралеўскай акадэміі і чэка на 10 мільёнаў швэдзкіх кронаў (1,42 млн даляраў).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?