6 сакавіка ў Санкт-Пецярбургу затрымалі чацвярых мужчын. Іх падазраюць у махлярстве. Тры гады яны гандлявалі пашпартамі неіснуючай краіны, піша мясцовае выданне «Бумага».

Па версіі следства, у 2015 годзе чацвёра затрыманых адкрылі ў Пецярбургу арганізацыю, якую пазіцыянавалі як консульства астраўной дзяржавы карыбскага басейна «Каралеўства ASPI» («Свабодны востраў ASPI»). Гэтай дзяржавы на самай справе не існуе, падкрэсліваюць у паліцыі.

Са студзеня 2015 года супрацоўнікі консульства прадавалі пашпарты і правы на аўто з указаннем рэквізітаў «Каралеўства ASPI». Пры гэтым у дакументах стаяла рэгістрацыя, але не ў ASPI, а ў гарадах Беларусі. Каштавалі дакументы ад 15 да 100 тысяч расейскіх рублёў (прыкладна ад 300 да 1800 даляраў). Асноўнымі пакупнікамі былі працоўныя мігранты, у тым ліку нелегальныя.

6 сакавіка супрацоўнікі выдуманага консульства затрымалі «ў рамках папераджальных мерапрыемстваў па зніжэнні ўзроўню тэрарыстычнай пагрозы перад выбарамі прэзідэнта і ЧС-2018 па футболе». Падчас ператрусаў ў іх знайшлі незапоўненыя бланкі пашпартоў «Каралеўства ASPI», адбіткі пячатак з рэгістрацыяй у Мінску, больш за сотню фотаздымкаў магчымых кліентаў, а таксама зброю — пісталеты і патроны.

На мужчын завялі справу за «махлярства, здзейсненае групай асоб па папярэдняй змове».

Разам з тым, па дадзеных картатэкі судовых спраў, кіраўніцтва консульства ў Пецярбургу на працягу апошніх гадоў неаднаразова абараняла ў судах інтарэсы «грамадзян» ASPI. Так, у 2017 годзе «консулам» атрымалася дамагчыся адмены штрафу ад даішнікаў у 7 тысяч рублёў для аднаго з іх за тое, што той паехаў па горадзе з правамі «Каралеўства ASPI». Суд стаў на бок прадстаўнікоў неіснуючай дзяржавы і паказаў, што інспектары не даказалі, што правы «Каралеўства ASPI» з'яўляюцца падробкай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?