Рэдактары сусветна вядомага бізнэс-часопіса Forbes напісалі, што яны ўражаныя эканамічнымі задумамі Лукашэнкі і параўноўваюць іх з рэформамі паспяховага кіраўніка Сінгапура Лі Куан Ю. Такія высновы нарадзіліся ў рэдактараў Forbes пасля знаёмства з новымі дэкрэтамі ў ІТ-сферы і беларуска-кітайскім тэхнапаркам «Вялікі камень». Вялікая ў нас краіна. І пакуль у Менску — Парк высокіх тэхналогій, легалізацыя блокчэйна і парк «Вялікі камень», на правінцыі — у Глыбокім, Докшыцах, Шаркоўшчыне, Мёрах — квітнеюць феадальныя парадкі.

На правінцыі старшыня райвыканкама — удзельны князь і ўладар усяго. Напрыклад, ён можа загадаць звольніць з дзяржпрадпрыемства няўгоднага чалавека і загадаць нідзе не браць яго на работу. Напрыклад, ён вырашае, ці дазволіць прыняць на работу чалавека, які звольніўся з калгаса. (Гэта робіцца, каб затрымаць у калгасах людзей, і надта нагадвае прыгоннае права.)

Вялікая частка людзей у правінцыі працуе ў сельскай гаспадарцы. З райвыканкама кіраўніку калгаса ці саўгаса загадваюць, у якую дату пачаць сеяць, і ў якую дату пачаць збіраць. Нічога, што тэхніка гразне, ламаецца на гразкім полі. Нічога, што збіраюць недаспелае збожжа. Калі старшыня райвыканкама загадае ламаць тэхніку і гнаіць збожжа — будуць ламаць і гнаіць.

На работнікаў сельскагаспадарчых прадпрыемстваў не распаўсюджваецца ўстаноўлены дзяржавай памер мінімальнага заробка. Існуе пастанова Савета міністраў, згодна якой фонд заработнай платы можа складаць не болей як 25% выручкі калгаса. Таму бывае, што за месяц работы без выходных чалавеку плацілі 40 даляраў. Тэарэтычна, могуць заплаціць і 15 даляраў.

Феадальныя парадкі на гэтым не сканчваюцца. Работнікаў дзяржаўных установаў, работнікаў бібліятэк і школьных настаўнікаў, могуць пагнаць у калгас збіраць каменне, выбіраць бульбу, падымаць лён. Як гэта называецца ў падручніках гісторыі? Паншчына? Талокі, гвалты і згоны? Усё гэта ў нас ёсць і цяпер.

Мала вырасціць збожжа і гародніну, выгадаваць скаціну — трэба яшчэ прадаць. І старшыня райвыканкама найчасцей загадвае, каб прадавалі на нейкае канкрэтнае прадпрыемства. Нічога, што на іншым прадпрыемстве могуць купіць даражэй. Нічога, што «вызначанае» прадпрыемства можа паўгода цягнуць з выплатай. Нічога, што яно расплоціцца з калгасам (а калгас — з работнікамі) камбікормам, каўбасой ці кансервамі. Так загадана.

Прыватны сектар эканомікі мала развіты. Райвыканкам лабіюе інтарэсы дзяржаўных прадпрыемстваў. А інтэлігент з дзяржаўнай установы культуры, ці адукацыі, калі яго звольняць, не знойдзе працы ў недзяржаўным сектары. У шэрагі «офіснага планктону» не ўліецца, бо офісаў няма.

Раённы феадал часам ператвараецца ў «добрага пана» — і можа скарыстацца сваімі гіганцкімі паўнамоцтвамі, каб арганізаваць дапамогу шматдзетнай сям'і, якая апынулася ў цяжкай сітуацыі, ці вырашыць нейкую мясцовую праблему. Але, калі хто трапляе ў няміласць, ці калі чыноўнікі чамусьці вырашылі паставіцца абыякава да нейкага чалавека — уся сістэма раённага феадалізму абрушваецца супраць чалавека.

Пра гэты «феадалізм» мала пішуць у медыях. Ён увесь трымаецца на вусных загадах і на страху падначаленых. Дакументаў няма. Людзі баяцца гаварыць на камеру, бо начальства адпомсціць. А журналіст не можа напісаць артыкул, не абапёрты на канкрэтных доказах. «Наша Ніва» пазалетась зрабіла расследванне такога «феадалізму» ў Касцюковіцкім раёне — бо там знайшліся людзі, якія прадаставілі дыктафонныя запісы, паказалі некаторыя паперы і расказалі пра сітуацыю карэспандэнтам. Матэрыял для такіх расследванняў можна знайсці ў кожным са 118 раёнаў Беларусі.

Так руйнуецца эканоміка беларускіх рэгіёнаў, і рэгіёны імкліва пусцеюць, бо тыя, хто разумны і ініцыятыўны, з правінцыі ўцякаюць. І пакуль у Мінску прымаюцца дэкрэты пра блокчэйны, сітуацыя ў рэгіёнах не змяняецца. Нават існуе павольны дрэйф да большага самаўладства і большага самадурства.

Рэформы патрэбныя. Але не толькі ў ай-ці сферы і не толькі ў тэхналагічным парку каля мінскага аэрапорта. Рэформаў, змены падыходу да кіравання, тэрмінова патрабуе беларуская правінцыя. Бо інакш рэгіёны канчаткова апусцеюць і зарастуць хмызняком.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?