Дарожная абстаноўка ў Мінску з-за снегападу ўскладнілася: узнікаюць перабоі ў руху грамадскага транспарту, сталічная ДАІ ўвяла план «Надвор'е», паведамляе БелТА.

З самай раніцы перыядычна ўзнікаюць затрымкі ў працы грамадскага транспарту (пераважна тралейбусаў і трамваяў), у асноўным выкліканыя ДТЗ. Былі ўнесены аператыўныя карэкціроўкі, арганізаваны часовы аўтобусны маршрут, а праз паўгадзіны рух па звыклых маршрутах быў адноўлены. З раніцы затрымкі складалі ад 10 да 20 хвілін, цяпер — да гадзіны. Сервіс «Яндэкс.Заторы» ацэньваў сітуацыю з заторамі ў горадзе да 8 балаў.

ДТЗ рэгіструюцца ва ўсіх раёнах горада. Аднак Дзяржаўтаінспекцыя запэўнівае: ўмовы надвор'я не справакавалі буйных аварый. Тым не менш уведзены спецплан «Надвор'е».

ДАІ заклікае кіроўцаў зніжаць хуткасць. У цяперашні час поўным ходам ідзе расчыстка вуліц ад снегу і апрацоўка праезнай часткі.

Паводле інфармацыі ДВА «Гаррамаўтадар Мінгарвыканкама», колькасць вывезенага са сталічных вуліц снегу з 1 сакавіка ўжо перавысіла 14,1 тысячы кубічных метраў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0