Пяць арганізацый — Партыя БНФ, Рух «За Свабоду», АГП, БСДП (Грамада) і асветніцкая ўстанова «Амарока» падалі новую заяўку на акцыю, прысвечаную 100-годдзю БНР.

Заяўнікі просяць дазволіць правядзенне мітынгу і канцэрту каля Опернага тэатра Беларусі 25 сакавіка з 15:30 да 20:00.

Па словах падпісантаў, чыноўнікі паабяцалі ім адказаць у пачатку наступнага тыдня.

Нагадаем, папярэдняя заяўка на правядзенне шэсця, якую падавала большая колькасць апазіцыйных арганізацый, была адхіленая.

Стваральнік «Арт-Сядзібы» Павел Белавус апублікаваў у фэйсбуку падрабязнасці сустрэчы з чыноўнікамі.

«Мінгарвыканкамам прапанавана за кошт горада забяспечыць арганізацыйныя патрэбы: ахова, медыкі, біятуалеты, гукаўзмацняльнае абсталяванне. Прапанавана ўсталяванне шыльды на Валадарскага, 9 і памятнага знака ў гонар братоў Луцкевічаў у скверы Янкі Купалы», — тлумачыць Белавус.

«Асобна пададзеная яшчэ адна заяўка, у якой заяўнікі просяць разгледзець магчымасць атрымання дазволу на арганізаванае шэсце ў Мінску 25 сакавіка з 12.30 да 13.00 удзельнікаў заяўленага мерапрыемства ад помніка Янкі Купалы да месца правядзення асноўнага мерапрыемства на плошчы Парыжскай Камуны ля Опернага тэатру. Пазітыўнае рашэнне Мінгарвыканкаму па гэтаму пункту дазволіла б у гэты дзень правесці ўсе мерапрыемствы ў фармаце свята і не дапусціць развіцця падзей па непрадказальным сцэнары», — удакладняе ён.

Па словах Белавуса, чыноўнікі Мінгарвыканкама запэўнілі, што на дазволеным мерапрыемстве не будзе забараняцца выкарыстанне нацыянальнай сімволікі. Можа быць абмежаванне толькі для банераў і расцяжак, якія нясуць інфармацыю, не датычную да свята.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0