Калі Мікола Купава ды іншыя дзеячы пачалі ствараць аргкамітэт дзеля падрыхтоўкі да святкавання 100-х угодкаў абвяшчэння назалежнасці БНР, я адмовіўся ў яго ўвайсці. Па-першае, з досведу мінулых гадоў я не выключаў, што да гэтага аргкамітэта прымажуцца дзеячы, якія нікога не прадстаўляюць, але надта хочуць папіярыцца і нешта зарабіць на гэтым — не абвязкова грашамі. Па-другое, я ведаю закон аб масавых мерапрыемствах.

Ніякі аргкамітэт не можа падаць заяву на правядзенне шэсця, дэманстрацыі ці мітынгу, бо гэтыя аргкамітэты — што на чале з паважнымі акадэмікам Радзімам Гарэцкім ды Міколам Купавам, што на чале з Міколам Статкевічам ды іншымі — нейкае часовае аб’яднанне прыватных асоб без правоў і абавязкаў. Гэты камітэт ніякім родам не можа ўзяць на сябе адказнасць за правядзенне масавага мерапрыемства. Такое права маюць толькі сябры камітэта. Як грамадзяне, як фізічныя асобы, яны могуць падаць індывідуальную ці калектыўную заяву на правядзенне масавага мерапрыемства, якім плануецца ўдзел 1000 чалавек. Арганізатарамі ж сходу, мітынгу, шэсця, дэманстрацыі, пікетавання з удзелам больш як адной тысячы чалавек могуць быць толькі палітычныя партыі, прафсаюзы ды іншыя арганізацыі, якія зарэгістраваны органамі юстыцыі і з’яўляюцца юрыдычнымі асобамі.

Калі мы разлічваем, што святкаваць 25 Сакавіка выйдзе не адна тысяча мінчукоў, то падаць заяву на правядзенне масавага мерапрыемства мае права толькі так званая тытульная апазіцыя (палітычныя партыі), а таксама грамадскія аб’яднанні. Гэта ў першую чаргу (пералічваю ў алфавітным парадку) Аб’яднаная грамадзянская партыя, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), Партыя БНФ і Рух за свабоду. Вядома, што да гэтай кампаніі з вядомых прычын не далучацца Кансерватыўна-хрысціянская партыя БНФ і Партыя «Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада» (такая яе афіцыйная назва).

Улада ідзе насустрач пажаданням грамадзян адзначыць 100-годдзе Акту 25 Сакавіка. Яна дазваляе святочны канцэрт пад адкрытым небам, але выказваецца супраць шэсця ці то дэманстрацыі. Гэта скрозь зубы я магу назваць прагрэсам. І нават магу знайсці апраўданне дзеянням улады, якая вымушана цяпер круціць галавою і прыслухоўвацца то да Бруселя, то да Масквы ды шукаць нейкую сярэдзіну. Не дазволіць масавае мерапрыемства 25 Сакавіка ўлада не можа (тут і Брусель, і разуменне ды нават прызнанне таго, што дзяржаўнае будаўніцтва Беларусі пачалося не з ласкі бальшавікоў). Але ўлада не можа дазволіць і шэсце. А раптам пад бел-чырвона-белымі сцягамі выйдуць некалькі дзясяткаў тысяч чалавек. І хто сказаў, што Масква пракаўтне такую пілюлю моўчкі?

У такім становішчы ўлада. У якім жа становішчы так званая тытульная апазіцыя? Не буду казаць за лібералаў, нацыянал-дэмакратаў і… прызнаюся, не ведаю, якую ідэалогію вызнае Рух за свабоду. Скажу за сацыял-дэмакратаў. Традыцыйна сацыял-дэмакратыя не можа разглядаць чалавека як гарматнае мяса, рызыкаваць яго жыццём, здароўем і маёмасцю. Арганізоўваць недазволенае шэсце сацыял-дэмакраты не могуць, бо ёсць рызыка, што ўдзельнікі гэтай акцыі пацерпяць, нават калі будуць паводзіць сябе абсалютна мірна. Такая ўжо псіхалогія уладаў і іх карных органаў, што яны не могуць без махання кіямі, збіванняў, зняволенняў, вялікіх штрафаў ды іншых «радасцяў». З другога боку, заклік сацыял-дэмакратычнай партыі да ўдзелу ў недазволенай акцыі можа прывесці да яе ліквідацыі як юрыдычнай асобы. Дзеля гэтага дастаткова пазбавіць партыю або пару-тройку яе абласных арганізацый юрыдычнага адрасу. Само сабой, кіраўнікі партыі як аўтары падобнага закліку падпадуць пад каток рэпрэсіяў. 

Думаю, што ў ліквідацыі сваіх арганізацый не зацікаўленыя ні АГП, ні Партыя БНФ, ні Рух за свабоду. Абавязкам кіраўнікоў гэтых аб’яднанняў якраз і з’яўляецца захаванне іх як юрыдычных асоб. Гэта кіраўнікі аргкамітэтаў палітычных партый (іх у нас хутка набярэцца тузін) могуць дазволіць сабе клікаць людзей на забароненыя акцыі. Маўчу пра маральны аспект, не пытаюся, хто даў ім права рызыкаваць жыццём, здароўем і маёмасцю людзей.

У рэшце рэшт, што нам трэба 25 Cакавіка — свята ці мардабой? Думаю, што свята. Значыць, давядзецца пайсці на кампраміс з уладай. А ці будзе святкаванне масавым, ці будзе відовішчным і, як кажуць цяпер, крэатыўным, залежыць і ад яго арганізатараў, і ад нашых музыкаў, мастакоў і паэтаў, якія ж, пэўна, таксама пажадаюць ушанаваць 100-годдзе абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?