Самалёт Мінск — Парыж дзве гадзіны кружыў над Івянцом і Лагойскам, а пасля вярнуўся ў аэрапорт.
Па інфармацыі «Нашай Нівы», самалёт кампаніі «Белавія» на рэйсе Мінск—Парыж, які вылецеў у 11:48, быў вымушаны вярнуцца ў аэрапорт праз надзвычайнае здарэнне.
Прычынай называюць разгерметызацыю салона. Амаль дзве гадзіны самалёт правёў у паветры, каб выпрацаваць паліва.
Затым самалёт сеў у аэрапорце.
У «Белавія» абверглі інфармацыю пра разгерметызацыю салона.
«Пры ўзлёце самалёта ў кабіне пілотаў спрацавала сігналізацыя, якая паведаміла пра няспраўнасць у сістэме кандыцыянавання. Экіпаж прыняў рашэнне выпрацаваць паліва перад пасадкай», - паведамлі ў прэс-службе.
Таксама ў авіякампаніі паведамілі, што самалёт быў у паветры не 3 гадзіны, а менш за 2. У 13.38 ён прызямліўся ў аэрапорце.
Затым для рэйса прадаставілі рэзервовы самалёт, які вылецеў у Парыж у 15.55.
Самалёт, у якім спрацавала сігналізацыя, застаўся на зямлі. Цяпер праводзіцца яго агляд.