27 лютага ў Беларусь з Паўднёвай Карэі вярнуліся беларускія алімпійцы, а сярод іх і ўладальніцы залатых медалёў у біятлоннай эстафеце Дар’я Домрачава (яна заваявала яшчэ і «срэбра»), Надзея Скардзіна, Ірына Крыўко і Дынара Алімбекава. У медалёвым заліку зімовай Алімпіяды Беларусь была 15-й (2 «золата» і 1 «срэбра»).
У мінскім аэрапорце спартсменаў сустракалі з традыцыйнымі аркестрам і караваем. Домрачава, якая зайшла ў будынак аэрапорта першай, атрымала пісьмовае віншаванне ад кіраўніка дзяржавы. Герояў Алімпіяды віталі сотні людзей (яны прыехалі не толькі са сталіцы, але і з рэгіёнаў краіны), якія скандавалі «Віншуем!» і «Малайцы!». Аўтамабіль з біятланісткамі з цяжкасцямі выехаў з натоўпу. «Дома найперш абдыму дачку!», — сказала Еўрарадыё Дар'я Домрачава.





