Аргкамітэт Беларускай хрысціянскай дэмакратыі зрабіў заяву адносна нядаўна створанай арганізацыі «Дзея». Абурэнне БХД выклікаюць акцыі ў рамках кампаніі «Легалайз Беларусь», якую падтрымліваюць асобныя сябры «Дзеі». Напрыклад, 25 снежня ў Мінску была праведзеная так званая «канапляная каляда».
Канапляная каляда. Фота facebook.com.
На думку БХД, такія акцыі «дыскрэдытуюць дэмакратычную апазіцыю і абражаюць хрысціян нашай краіны».
«Падчас «калядавання» сябры «Дзеі» хадзілі горадзе Мінску і спявалі беларускія калядныя песні, дзе імя Хрыста было замененае на слова «ганджубас» (што значыць «нарката»). «Ганджубас радзіўся, свет узвесяліўся, Ганджубаса раджэнне — свету на збаўленне», — гаворыцца ў заяве.
«На адных пікетах сябраў «Дзеі» — лагатып 100 гадоў БНР і бел-чырвона-белы сцягі, на іншых — патрабаванне легалізацыі наркотыкаў, ганьбаванне беларускіх нацыянальных хрысціянскіх гімнаў. Недарэчная і правакацыйная кампанія «легалайзу» дыскрэдытуе і ставіць пад удар кампаніі, што праводзяцца дэмакратычнымі сіламі краіны, у тым ліку святкавання 100-годдзя БНР», — лічаць хадэкі.
У выніку БХД заклікае «Дзею» «спыніць ганьбаванне хрысціянскай спадчыны праз СМІ і сацсеткі», а таксама асуджаюць кампанію за легалізацыі наркотыкаў.
«Мы перакананыя, што імя БХД, як і імя ўсяго дэмакратычнага беларускага руху не павінна стаяць побач з такімі сумнеўнымі кампаніямі», — адзначаецца ў заяве.
У лістах, што Віталь Рымашэўскі дасылаў рэгіянальным каардынатарам БХД, гаварылася, што «Дзея» сваімі ўчынкамі «ганьбіць Хрыста».
Сузаснавальнік грамадскага руху «Дзея», адзін з удзельнікаў «канаплянай каляды» Пятро Маркелаў даў для «НН» каментар адносна заявы БХД.
«Хрысціянскія каштоўнасці — гэта найперш нягвалт, любоў і спачуванне. Гэтая палітычная заява мае на мэце здабыць палітычны капітал сярод кансерватыўных нацыяналістаў. Агульны стыль вельмі падобны да таго, што мы бачылі па БТ: гэта неразуменне праблемы, скажэнне фактаў, маніпуляцыі, папулізм.
Віталь Рымашэўскі [сустаршыня БХД — «НН»] хоча захаваць манаполію на працу з праблемай 328. Ён выступае супраць змякчэння пакаранняў па артыкуле 328 КК і не ведае, што шмат якія наркотыкі ў Беларусі легалізаваныя», — кажа Маркелаў.
Пятро таксама падкрэслівае, што абвінавачванні БХД у адрас «Дзеі» не зусім карэктныя. «Справа ў тым, што «Дзея» актыўным бокам у гэтым пытанні з'яўляецца толькі ў заяве БХД.
«Дзея» заўсёды пазначае, што «Легалайз Беларусь» не агульная кампанія, а толькі часткі актывістаў.
Адна з мэтаў «Дзеі» — спрыянне прасоўванню прыватных ініцыятываў яе актывістаў, якія не супярэчаць каштоўнасцям чалавечай годнасці, свабоды, дэмакратыі, нацыянальных каштоўнасцяў. І для гэтага выкарыстоўваюцца агульныя камунікацыйныя інструменты: рассылка, публічная старонка», — падсумоўвае Пётр Маркелаў.