Цэнтральны камітэт Камуністычнай партыі Кітая (ЦК КПК) прапанаваў прыбраць з канстытуцыі краіны палажэнне аб тым, што старшыня і віцэ-старшыня КНР могуць «займаць пасаду не больш за два тэрміны запар». Пра гэта паведаміла ў нядзелю агенцтва «Сіньхуа».

Прапанаваныя папраўкі Канстытуцыі могуць быць разгледжаныя падчас першай сесіі Усекітайскага сходу народных прадстаўнікоў (УСНП, вышэйшы заканадаўчы орган) 13-га склікання. Паводле апублікаваных планаў, яна пачнецца 5 сакавіка.

Адным з найважнейшых пунктаў парадку дня стане пераабранне цяперашняга старшыні КНР Сі Цзіньпіна на новы пяцігадовы тэрмін. Па прадстаўленні кіраўніка дзяржавы на аналагічны тэрмін павінна быць зацверджана кандыдатура на пасаду прэм'ера Дзяржсавета КНР, якім, верагодна, зноў стане Лі Кэцян.

Паводле дзеючых на працягу апошніх дзесяцігоддзяў палітычных традыцый, кожнае пакаленне кіраўнікоў павінна знаходзіцца ва ўладзе не больш за 10 гадоў. Згодна з імі, сёлетняе «пятае пакаленне» кіраўнікоў на чале са старшынёй КНР Сі Цзіньпінам мусіла завершыць працэдуру перадачы ўлады пераемнікам у 2023 годзе.

Акрамя таго, паводле агенцтва «Сіньхуа», ЦК КПК прапанаваў унесці тэарэтычныя палажэнні Сі Цзіньпіна аб новай эпосе развіцця сацыялізму з кітайскай спецыфікай ў Канстытуцыю краіны.

На XIX з'ездзе КПК, які адбыўся ў кастрычніку 2017 года, ідэі Сі Цзіньпіна былі ўнесеныя ў яе статут. Імя цяперашняга старшыні КНР унеслі ў пералік ідэалагічных асноў дзейнасці партыі разам з Мао Цзэдунам і Дэн Сяопінам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?