Доўгі час самым папулярным у свеце браўзэрам быў Netscape Navigator. З’яўленне Internet Explorer ад Microsoft паклала пачатак спаборніцтву за лідарства на рынку. У 1997 годзе на вечарыне ў Сан-Францыска ў гонар выпуску Internet Explorer 4.0 быў прадстаўлены трохметровы лагатып браўзэра. На наступную раніцу работнікі Netscape, прыйшоўшы на працу, убачылі гэтую канструкцыю на газоне перад сваім офісам з запіскай «Ад каманды IE. Мы любім вас». Работнікі павалілі гэтую інсталяцыю і ў адказ размясцілі на ёй постаць свайго фірмовага персанажа — дыназаўра, прымацаваўшы да ягоных лапак знак з надпісам «Netscape 72, Microsoft 18», маючы на ўвазе размеркаванне доляў рынку.

Так пачалася вайна браўзэраў. Тады яшчэ не ведалі, што 72 адсоткі могуць імгненна пераўтварыцца ў 0, а 0 — у 100.

Зараз існуе некалькі найбольш вядомых праграм для доступу ў інтэрнэт, папулярнасць якіх можа значна адрознівацца ў розных краінах. Зборам статыстыкі па іх выкарыстанню займаецца ірландская кампанія StatCounter. Мы паглядзелі, якія браўзэры лідзіруюць у свеце і ў Беларусі і вылучылі іх перавагі і недахопы.

У свеце

У свеце карціна папулярнасці браўзэраў выглядае так: 

Зялёны — Google Chrome, чырвоны — Opera, жоўты — UC Browser, аранжавы — Mozilla Firefox, сіні — Internet Explorer, чорны — Safari. Фота: Вікіпедыя. 

Зялёны — Google Chrome, чырвоны — Opera, жоўты — UC Browser, аранжавы — Mozilla Firefox, сіні — Internet Explorer, чорны — Safari. Фота: Вікіпедыя. 

UC Browser вельмі папулярны ў Кітаі і Індыі, насельніцтва якіх складае 36% насельніцтва Зямлі, таму гэты браўзер займае высокую пазіцыю ў рэйтынгу. У Еўропе ж ён амаль невядомы, таму яго мы ў артыкуле разглядаць не будзем. 

1. Google Chrome 

З моманту свайго з’яўлення ў 2008 годзе браўзэр ад кампаніі Google заваёўваў рынак неймаверна вялікімі крокамі. І толькі ў 2017 годзе было зафіксавана невялікае падзенне. У чым жа поспех гэтага браўзэру?

Галоўнай інавацыяй Google Chrome стала мінімалізацыя інтэрфейсу: распрацоўшчыкі вырашылі, што найбольш важна сканцэнтраваць увагу карыстальніка на вэб-старонцы, чым на розных прыгожых кнопках і закладках браўзэра. Таксама сваю ролю адыграла вялікая бібліятэка розных вэб-дадаткаў і пашырэнняў.

Перавагі

  • Хуткасць. Паводле шматлікіх тэстаў, Chrome займае першае месца па хуткасці працы (загрузкі старонак) сярод усіх папулярных браўзэраў
  • Бяспечнасць. Браўзэр мае ўласную базу шкоднасных рэсурсаў, якая рэгулярна абнаўляецца
  • Рэжым «Інкогніта», які дазваляе наведваць любыя сайты без адлюстравання іх у гісторыі
  • Пашырэнні. Карысныя для тых, хто любіць рэгулярна мяняць тэму афармлення, дадаваць розныя плагіны з надвор’ем, навінамі і г. д.
  • Убудаваны перакладчык сайтаў
  • Галасавы пошук
  • Блакіроўка рэкламы

Недахопы

  • Вялікі аб’ём займанае аператыўнае памяці
  • Частае запавольванне працы пры некалькіх адкрытых укладках

2. Safari

Гэты браўзэр даступны толькі карыстальнікам аперацыйнае сістэмы macOS ад амерыканскай кампаніі Apple. Некаторы час ён быў даступны і для Windows, але зараз праект закрыты.

Перавагі

  • Добрая хуткасць працы пры вялікай колькасці адкрытых укладак
  • Функцыя прыватнага прагляду (аналаг «Інкогніта» ў Chrome)
  • Убудаваны блакіроўшчык рэкламы
  • Магчымасць перадпрагляду старонак па гіперспасылках на сайтах, не адкрываючы дадатковых укладак (старонка адкрываецца ў маленькім акенцы) 
  • Магчымасць тлумачэння значэння і перакладу асобных словаў на вэб-старонках
  • Зручнае кіраванне жэстамі

Недахопы

  • Выключны мінімалізм. Дызайн занадта просты — не кожнаму спадабаецца
  • Складанасць выкарыстання для навічкоў. Калі не ведаеш, дзе схаваныя тыя ці іншыя функцыі, прыйдзецца іх пашукаць

3. Mozilla Firefox

Гісторыя гэтага браўзэра пачалася ў 2002 годзе. Тады ён павольна, але упэўнена, павялічваў колькасць сваіх карыстальнікаў, заваяваўшы ў 2009 трэцюю частку рынка. У наступным, 2010-м, годзе пачаўся працэс імклівага зніжэння аўдыторыі браўзэра, і зараз, не гледзячы на шэраг прынятых мер па яго мадэрнізацыі, ім карыстаюцца, паводле розных ацэнак, ад 5 да 10 адсоткаў аўдыторыі інтэрнэта.

У 2008 годзе Firefox усталяваў рэкорд па колькасці запампоўванняў праграмы — 8 мільёнаў за суткі. Ён быў занесены ў Кнігу рэкордаў Гінэса.

Перавагі

  • Стабільнасць працы. Паводле даследавання амерыканскае кампаніі Sauce Labs, у 2014 годзе у Firefox памылкі ўзнікалі радзей, чым у іншых браўзэрах. Стабільнасць працы — адметная рыса браўзэра і зараз
  • Вялікая бібліятэка пашырэнняў (гл. недахопы)

Недахопы

  • Хуткасць працы даволі нізкая, але з апошнімі абнаўленнямі сітуацыя паляпшаецца
  • Хуткасць працы рэзка змяншаецца пры ўсталяванні некалькіх пашырэнняў (плагінаў)

4. Opera

Нягледзячы на тое, што ў свеце гэты браўзэр выкарыстоўвае ўсяго 4% інтэрнэт-аўдыторыі, у Беларусі гэты паказчык складае амаль 17%!

Перавагі

  • Хуткасць. «Опера» мае функцыю Turbo, якая дазваляе значна павялічыць хуткасць загрузкі сайтаў. Акрамя гэтага Опера выдатна аптымізаваная для працы на камп’ютарах са слабымі тэхнічнымі характарыстыкамі
  • Убудаваны VPN. Можна карыстацца заблакаванымі ў любой краіне сайтамі без выкарыстання ананімайзераў
  • Інфарматыўнасць. Браўзэр адлюстроўвае розныя значкі, якія паведамляюць стан старонкі, а таксама дзеянні, якія адбываюцца па-за ўвагай карыстальніка
  • Убудаваны блакіроўшчык рэкламы
  • Рэжым эканоміі энергіі

Недахопы

  • Бяспека. Па выніках некаторых тэстаў і даследаванняў браўзэр «Опера» не з'яўляецца вельмі бяспечным, бо часта ён не бачыць патэнцыйна небяспечныя сайты
  • Даволі вялікі аб’ём займанае аператыўнае памяці

5. Internet Explorer і Microsoft Edge 

Якімі крокамі Google Chrome заваёўваў любоў карыстальнікаў, такімі ж стандартны браўзэр Windows — Internet Explorer — яе губляў: у сярэдзіне 2008 года гэты браўзэр займаў, паводле розных звестак, да 70% рынку, а цяпер гэтая лічба апусцілася да 3%.

У 2015 на змену Internet Explorer прыйшоў Microsoft Edge. Ён зараз займае прыкладна тую ж долю рынка, што і папярэднік, якім некаторыя ўсё яшчэ карыстаюцца. Але паколькі Internet Explorer не з’яўляецца актуальным браўзэрам, разгледзім перавагі і недахопы толькі Microsoft Edge.

Перавагі

  • Дызайн выкананы ў агульным стылі з аперацыйнай сістэмай
  • Бяспека. Internet Explorer лічыўся адным з найбольш бяспечных браўзэраў і перадаў гэтую ўласцівасць спадкаемцу
  • Галасавы пошук
  • Нататкі. Можна выдзяляць тэкст жоўтым віртуальным маркерам, рабіць надпісы і захоўваць усё гэта 

Недахопы

  • Не вельмі высокая хуткасць працы
  • Часам некарэктнае адлюстраванне некаторых старых сайтаў, бо браўзэр новы
  • Адсутнасць персаналізацыі — амаль немагчыма настроіць браўзэр па ўласным гусце

Якімі браўзэрамі карыстаюцца беларусы?

Паводле StatCounter, долі браўзэраў на рынку Беларусі размеркаваныя наступным чынам:

 

Як бачна з графіка ніжэй, сусветнай карціне падзення Internet Explorer і росту папулярнасці Google Chrome у Беларусі адпавядае карціна падзення Opera і росту Google Chrome.

Таксама крыху менш за 5% беларусаў карыстаюцца браўзэрам расійскай кампаніі «Яндэкс», які быў створаны ў 2012 годзе на базе Chromium, як і Google Chrome. У чым яго асаблівасці? 

Як і «Хром», «Яндэкс.Браўзэр» мае функцыю аўтаматызаванага перакладу старонак з розных моваў, падтрымлівае розныя пашырэнні і шматлікія жэсты мышы. Некаторыя карыстальнікі ў інтэрнэце скардзяцца, што ён займае шмат аператыўнае памяці, запавольваючы працу камп'ютара пры некалькіх адкрытых укладках.

А якім браўзэрам карыстаецеся вы? 

Чытайце таксама: Ад 1642 года да нашых дзён: гісторыя развіцця камп’ютара, і што нас чакае далей — шмат ФОТА

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?