Раней усё было проста. Асноўная лінія напружання ў грамадстве праходзіла па прынцыпах сцяга і ўрада. Гэта была канфрантацыя паміж «чырвона-зялёнай» «уладай» і «бел-чырвона-белымі» «змагарамі». «Фронтаўцы» (то бок: мова, ВКЛ, Сталін дрэнны, «Крама», нацыянальнае Адраджэнне) супрацьстаялі «выканкамаўцам» (язык, БССР, Сталін добры, «Песняры», барацьба з нацыяналізмам).

Сёння гэты адназначны і прыгожы бінарны расклад блякне. Дзяржава спрабуе пераводзіць прапаганду на рэйкі беларускай мовы, БРСМ экспрапрыюе вышыванку, а чыноўнікі нават робяць выгляд, што рыхтуюцца супольна з «бел-чырвона-белымі» святкаваць стагоддзе БНР.

Але само супрацьстаянне нікуды не падзелася. Канфрантацыі ў грамадстве дагэтуль болей за згоду. Проста «мы» і «яны» змяніліся. Ліній сутычкі зрабілася амаль столькі ж, колькі і грамадзян.

Як усё было відавочна, калі ў 1996-м чытачы газеты «Свабода» Паўла Жука (яе пазней ліквідаваў Вышэйшы гаспадарчы суд) сутыкаліся з чытачамі газеты «Савецкая Беларусія». Адразу было зразумела, хто на якіх пазіцыях, хто за што выступае, хто чалавек «дзяржаўны», а хто «барацьбіт». Калі сёння зацяты чытач «Нашай нівы» распачынае на форуме сварку з чытачом tut.by, розніца паміж імі вызначаецца складаней.

Бо і там, і там — медыі недзяржаўныя, папулярныя і роўныя ў сваёй якасці. І іх чытачы могуць аднолькава непрыязна ставіцца да дзеянняў улады.

Але як толькі гэтыя людзі зачэпяцца за Украіну ці за зніклых у Сірыі рускіх вайскоўцаў — стане горача. І ўзнікне адчуванне, што спрачаюцца жыхары розных краін. У гэтых людзей будзе размежаванне менавіта па прынцыпе «мы» і «яны»: звычайна належныя да адной еднасці людзі не варагуюць так яўна.

Межы поглядаў працягнуліся паўсюль. Тыя, хто заўзеў за Shuma на нацыянальным адборы на Еўрабачанне, выстаўляюць прэтэнзіі журы, якое падтрымала Alekseev. Прычым прэтэнзіі не ў тым, што Alekseev дрэнна спяваў — гэта якраз было б цалкам вытлумачальна і натуральна для іншай краіны. Не, праблема ў тым, што Alekseev — украінец, што журы наогул не мусіла яго дапускаць праз гісторыю з ягонай песняй. Прыхільнікі Alekseev у адказ хейцяць прыхільнікаў Shuma: «Як жа прыкольна назіраць, як людзі з пенай ля рота «балеюць» за Shuma. Алё, калі чалавек спявае на беларускай, гэта не значыць, што гэта аўтаматам крута» (рэальнае выказванне аднаго блогера). Спрэчка пра густ вокамгненна перакідваецца на спрэчку пра мову, ператвараючыся ў тую самую размову фармату «мы» і «яны».

Раварысты супраць аўтамабілістаў, прыхільнікі Цоя і Высоцкага супраць тых, хто лічыць, што беларусы не мусяць слухаць савецкую музыку, настаўнікі супраць тых, хто лічыць настаўнікаў фальсіфікатарамі, змагары за беларускамоўныя дзіцячыя садкі супраць тых, хто не бачыць у такіх садках патрэбы — вось далёка не поўны спіс мініяцюрных грамадзянскіх войнаў мінулага тыдня.

Так, пэўным чынам абвастрэнню спрэчак на любыя тэмы ў Беларусі паспрыялі новыя медыі.

Яны кожнага з нас змясцілі ва ўтульны пухір «нібыта аднадумцаў». У гэтай бурбалцы ўзнікае адчуванне, што ўся краіна — такая, як ты сам. А ўсе астатнія — «ворагі» ці «яны». Але я нізашто не паверу, што пытанне мовы выхавання ў садках у ЗША так хутка будзе распальваць жарсці. Што так хутка з гэтага пытання бакі будуць пераходзіць да ўзаемнай варожасці і адмаўлення чалавечых якасцяў у іншага боку.

Усе з усімі перасварыліся, прычым перасварыліся да той стадыі, пасля якой ідзе выдаленне нумароў з памяці тэлефона і пераход на іншы бок вуліцы пры сустрэчы. Тыя, хто ўкладае электронныя петыцыі, і тыя, хто лічыць, што большай дураты, чым падпісанне бясплённых петыцый, няма.

Тыя, хто за дрэвы, і тыя, хто за паркінгі. Тыя, хто піша па-руску «редакторка», і тыя, хто кажа, што гэта бздура і калхазанства, бо ёсць абеларушваннем рускай марфалогіі. Тыя, хто змагаецца з дрэнна пастаўленымі машынамі ў цэнтры, і тыя, хто кажуць, што па правілах на Інтэрнацыянальнай у прынцыпе немагчыма. Тыя, хто за Асмалоўку, і тыя, хто гэтак жа зацята супраць яе («ніякай каштоўнасці», «горад мусіць абнаўляцца» і г.д.). Тыя, хто (блін!) за Ілана Маска, які зашпурліў у космас свой кабрыялет Tesla, і тыя, каго абурыў Дэвід Боўі і цытатка з Адамса пры гэтым пуску. Прычым нават вось у гэтым дробным і такім далёкім ад Беларусі топіку знайшлося месца хайпу з элементамі «мы» і «яны»: «сябры Ілана Маска» папракнулі «ворагаў Маска» ў «местачковым» дыскурсе, маўляў, гэтыя беларусы ўсе такія, любяць дакалябацца да драбязы ў глабальных праектах. Прычым папракалі беларусаў беларусы ж.

Тут нават дыскусія Apple vs Microsoft мае схільнасць да таго, каб скаціцца на пытанні Украіны, Другой сусветнай, мовы і Сталіна.

Нявырашаных пытанняў пра тое, як гэта — быць беларусам (нават не «добрым беларусам», а проста «беларусам»!) назапасілася столькі, што кожны грамадзянін мусіць адказваць на тыя пытанні побытавым шляхам, навобмацак. Спрачаючыся пра новы тэлефон ці аптымальнае месца для зімовага адпачынку. Дзяржаўная ідэалогія — сфера, у якую штогод укідаюцца вялікія грошы, — спарадзіла за чвэрць стагоддзя хіба што набор нявызначанасцяў. І прапаганда зацята ўзнаўляе іх па ўсіх каналах. «Разам мы Беларусь»… А хіба паасобку — не?

У кожнай з гэтых асобных сутычак вельмі лёгка зрабіцца героем. Па законах эпохі мікратаргетынгу перамагае заўсёды самы эмацыйны і самы бяздоказны кастамізатар. Шукай словы, якія крыўдзяць больш за ўсё, шчодра абагульняй — і станеш першым сярод зграі.

Але Беларусь робяць іншыя героі. Тыя, хто вандруе паміж падробленымі фрагментамі і злучае іх.

Тыя, хто тлумачыць арганізатарам 100-годдзя ВЛКСМ, чаму не ўсе прыхільнікі БНР з’яўляюцца «бандэраўцамі». Тыя, хто даводзіць аматарам Аксаны Забужкі, чаму Цой не быў «праектам КДБ» і агентам «рускага свету». Гэта роля заўсёды будзе няўдзячнай, бо парламенцёры спрадвеку адграбаюць першымі.

Але «мы» і «яны» мусяць аб’яднацца: толькі тады беларусы зробяцца народам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?