Ігар Варашкевіч з музыкамі вырашылі даць другое жыццё даўняй кампазіцыі гурту «Бонда» «Да неба»(1986) з тэкстам Міхала Анемпадыстава. Яны праспяваюць яе падчас канцэрту 4 сакавіка ў рэстарацыі «Сябры» (Кульман, 40).

Ігар Варашкевіч успамінае гісторыю песні: «У групе «Бонда» асноўным паэтам быў барабаншчык Сяргей Кныш. Аднак акрамя яго тэксты пісалі — ці спрабавалі пісаць — і іншыя. Фелікс Аксёнцаў, напрыклад, які потым ажыццявіў свае задумы з групай «Ulis», Федзя Кашкурэвіч напісаў на адну песню тэкст. І Міхал Анемпадыстаў таксама напісаў тэкст. Было гэта ў 86-м. Сяргей Кныш пайшоў у армію, ён адсутнічаў два гады. А з Міхалам мы пазнаёміліся, думаю, праз Сяргея Краўчанку, яны сябравалі. Музыку мы напісалі, калі былі на студэнцкай «халтуры» ў Ніжнявартаўску. Бо амаль усе вучыліся ў тэатральна-мастацкім інстытуце. Я дакладна памятаю, як я нават проста без гітары хадзіў па вуліцах і напяваў гэтую мелодыю. А як вярнуліся дадому, Міхал і напісаў тэкст, які нам падышоў. Атрымалася песня «Да неба».

Потым, калі ўжо была «Крама», я неаднаразова прапаноўваў Міхалу напісаць нам які тэкст, але ён увесь час неяк так ветліва знаходзіў прычыны для адмовы. Тады яго ідэі, магчыма, больш супадалі з іншымі музыкамі. Напрыклад, з Касяй Камоцкай. Гэта я толькі нядаўна зразумеў, задумаўся ўжо пасля смерці Міхала — што з Касяй Камоцкай ён увасобіў у жыццё сваю любоў да польскай групы Maanam. Таму і атрымалася так многа выдатных песень.

Канцэрт на пачатку сакавіка мы пачалі планіраваць яшчэ восенню, ужо была дата. А пасля трагічнага сыходу Міхала з’явілася ідэя адрадзіць песню, даць ёй новае жыццё. І так выпала, што менавіта 4 сакавіка будзе 40 дзен з дня смерці Міхала Анемпадыстава. І яго памяці мы прысвяцім гэтую кампазіцыю — «Да неба».

На дне глыбокіх вуліц, сярод бетону, цэглы і шкла
Бывае, замінае глядзець у неба імгла.
Каб быць бліжэй да зорак, каб мець кавалак Сонца ў руках,
Адзін псіхічна хворы аднойчы ўзлез на дах.

Ён змагаўся з ветрам,
Ён глытаў паветра.
Грукатала сэрца,
Вабіў Млечны Шлях.

На ім штаны і швэдар, за ім ў паветры ззяюць крылы.
Ён паглядае долу, палюе з-пад рукі.
Лічыць не трэба крокаў, калі нарэшце трапіў на дах.
Лунае між аблокаў нязграбны дзіўны птах.

Ён змагаўся з ветрам,
Ён глытаў паветра.
Грукатала сэрца,
Вабіў Млечны Шлях. 

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна