У ноч з 18 на 19 лютага 1918 года бальшавікі ўцяклі з Мінска на ўсход. Адпаведна, выканаўчы камітэт Рады Усебеларускага з'езда змог выйсці з падполля і з турмы былі вызваленыя дзеячы Цэнтральнай беларускай вайсковай рады.

Выканкам Рады Усебеларускага з'езда сабраўся ў доме пісьменніка-нашаніўца Антона Лявіцкага, вядомага пад псеўданімам Ядвігін Ш. Сваім загадам №1 выканкам ад 19 лютага абвясціў, што ён «узяў уладу ў свае рукі».

Ветэрынар, выкладчык сельскагаспадарчай вучэльні Іван Серада прапанаваў зрабіць сядзібай беларускай улады знакавы будынак, рэзідэнцыю колішняй царскай адміністрацыі — Губернатарскі дом, і гэта было ажыццёўлена. Там жа размясцілася «Беларуская камендатура», мэтай якой было не дапусціць пераходу места пад кантроль польскіх вайсковых частак. 

Цяпер у Губернатарскім доме, моцна перабудаваным, на плошчы Свабоды месціцца гімназія-каледж пры Акадэміі музыкі.

Тады ж, 19 лютага над гэтым будынкам упершыню ў гісторыі быў вывешаны нацыянальны сцяг.

21 лютага будзе прынятая Першая Устаўная грамата Беларускай Народнай Рэспублікі. А яшчэ праз месяц, Трэцяй граматай, будзе абвешчаная яе незалежнасць. Так усё і закруцілася.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?