27-гадовы калумбійскі футбаліст Рохер Каньяс падпісаў кантракт з салігорскім «Шахцёрам». Раней ён гуляў за казахскі «Ардабасы», перад тым — на Кіпры, у Польшчы, Расіі і Латвіі.

Некалі не адбыўся пераход Каньяса ва ўкраінскі чэмпіянат, бо абследаванне выявіла, што ў футбаліста няма адной ныркі.

Як паведамляе Sports.kz са спасылкай на газету Futbol Al Minuto Sports, футбаліст будзе зарабляць у беларускім клубе 830 тысяч еўра на год. Кантракт падпісаны на паўтара года.

Атрымліваецца, што заробак Каньяса будзе складаць 69 тысяч еўра на месяц. Калі інфармацыя праўдзівая, гэта будуць рэкордныя траты для беларускіх клубаў за апошнія гады.

Паводле інфармацыі by.tribuna.com, у 2013 годзе заробак Аляксандра Глеба ў БАТЭ даходзіў да $130 тысяч за месяц з улікам бонусаў за выступленне ў еўракубках.

Цяпер максімальныя даходы ў беларускіх футбалістаў складаюць каля $20 тысяч на месяц.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0