Перадгісторыя была такая. У адным з беларускіх Telegram-каналаў з’явілася наступнае паведамленне ад Марыі (імя змененае, арфаграфія і пунктуацыя захаваныя):

«Администрация школы поставила пометку в моем паспорте и попросила явиться на четыре избирательных участка в округе, к которому я не отношусь, и проголосовать за желательного кандидата вместо незнакомых мне людей.

Дело было так: я приходила на избирательный участок, показывала комиссии свой паспорт. Штампа прописки, который относил бы меня к этому участку, разумеется, не было. Комиссия замечала пометку и давала мне расписаться в списке о получении бюллетеня напротив имени избирателя, которое, разумеется, не совпадало с моим и не было мне знакомо. Я ставила дату и подпись — везде свою, — получала бюллетень, голосовала и опускала его в урну. И так на четырех участках. Вместе со мной участки обходили и другие сотрудники школы».

На паведамленне звярнулі ўвагу актывісты суполкі «Дзея». Яны звязаліся з Марыяй і атрымалі фотаздымак паметкі ў пашпарце, якую паставіла адміністрацыя школы (фотаздымак адрэдагаваны для захавання ананімнасці крыніцы):

Лічбы «179» адпавядаюць нумару школы, у якой працуе Марыя — гэта сярэдняя школа №179 у Менску. Марыя паведаміла, што 15 лютага яна пабывала на ўчастках у кожнай школе на тэрыторыі 34-й Кунцаўшчынскай акругі: у школах №185 і №201, а таксама гімназіях №4 і №39.

«Нічога не абяцалі, учора сказалі ўзяць сёння пашпарт. Растлумачылі, што рабіць, і паслалі на ўчасткі», — расказала Марыя пра акалічнасці таго, як яна была ўцягнутая ў фальсіфікацыю.

Актывіст «Дзеі» Дзяніс Краўчук вырашыў праверыць, ці ўдасца яму прыкінуцца такім настаўнікам і атрымаць бюлетэні на ўчастках акругі, да якой ён не належыць. Дзяніс увогуле прапісаны не ў Мінску, а ў пасёлку Нарач Мядзельскага раёна Мінскай вобласці. Хлопец нанёс у свой пашпарт пад пазнакай аб рэгістрацыі такую ж паметку, як на фота, што даслала Марыя.

15 лютага Дзяніс прыйшоў на выбарчы ўчастак, які знаходзіцца ў беларускамоўнай гімназіі №4 са сваім пашпартам і атрымаў бюлетэнь за іншага чалавека, у дакладнасці так, як гэта апісала Марыя. 

На наступны дзень, 16 лютага, Дзяніс паўтарыў гэтую схему на двух іншых участках, у расійскамоўных школах №185 і №201. Зноў яму выдалі бюлетэні за іншых людзей, а ўвесь працэс быў зняты на відэа (яны ёсць у Рэдакцыі).

Дзяніс Краўчук прыйшоў 16 лютага на выбарчыя ўчасткі ў школах № 185 і № 201 і без праблем атрымаў бюлетэні. Ён проста паказаў пашпарт з паметкай 000-179 — і яму адразу далі бюлетэнь пад подпіс. Яго папрасілі распісацца ў спісе ў графе, дзе стаяла пазнака насупраць прозвішча іншага чалавека.

«Я глядзеў відэа Мікалая Казлова з Аб'яднанай грамадзянскай партыі, які разам з Анатолем Лябедзькам злавіў карусельшчыкаў. Стала цікава, як менавіта карусельшчыкі пазнаюць адзін аднаго, як гэта ўладкавана. І я вырашыў праверыць», — расказвае Краўчук.

Дзяніс Краўчук лічыць, што грамадзяне павінны больш актыўна праяўляць сябе і не даваць фальсіфікаваць выбары: «Я ўпэўнены, што грамадства павінна не ўцячы ад тэмы выбараў, а наадварот — узмацніць кантроль і ціск на ўладу».

Каментароў ад прадстаўнікоў выбарчых камісій пакуль не было.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?