15 лютага ў судзе Маскоўскага раёна Мінска пачаўся працэс над Святаславам Барановічам. Мужчына некалькі разоў ударыў супрацоўніка міліцыі ў цывільным, калі той спрабаваў затрымаць пратэстоўцаў 15 сакавіка.
Цяпер Барановічу пагражае да 6 гадоў.
З кастрычніка Святаслаў знаходзіцца ў СІЗА. Яго сястра казала, што віну Барановіч не адмаўляе: так, ударыў, тым больш, што гэта бачна на відэа.
На судзе тое ж сказаў і сам Святаслаў: маўляў, віну прызнаю. Ён нават прызнаўся, што разумеў - у цывільным не проста мінакі, а міліцыянты.
Адзначым, на пасяджэнні Барановіч сядзеў у клетцы не адзін - а разам з міліцыянтам, прыкаваны да яго кайданкамі. Што дзіўна, бо нават забойцаў пакідаюць у «стакане» адных.
Пацярпелым па справе прызнаны амапавец Арцём Паўлаў.
Арцём Паўлаў
Спачатку дапыталі сведку, таксама амапаўца.
«У той дзень мы працавалі на плошчы Бангалор у складзе мабільнай групы. Былі ў цывільным: пад адзеннем бронекамізэлька, з сабой радыёстанцыя, гарнітура.
На прыпынку грамадскага транспарту наша задача з напарнікам была сесці ў тралейбус і ехаць. Назіраць за так званымі анархістамі. Указанняў затрымліваць не было», — узгадаў ён.
«Ці парушалі яны [анархісты] заканадаўства? — спыталася пракурор.
«Калі я не памыляюся, забаронена быць у масцы на масавым мерапрыемстве. Плакаты з надпісамі, барабаны… — адказаў сведка. — Пасля на прыпынку пачаўся сыр-бор. Людзі пачалі крычаць, адзін аднаго хапаць, пачаліся затрыманні адбывацца. Абвінавачаны ўдарыў супрацоўніка АМАПу».
Амапавец распавёў, што ўбачыў, як Барановіч два разы ўдарыў міліцыянта ў цывільным і пасля адыйшоў убок.
«Я не бачыў, які канкрэтна супрацоўнік міліцыі пацярпеў, але ведаў, што гэта міліцыянт: ён быў у сінім спартовым касцюме, у нас гэта такая працоўная вопратка», - растлумачыў сведка.
Прыкладна тое ж самае распавёў і другі сведка-амапавец.
«Толькі момант, як білі пацярпелага, я не бачыў», - адзначыў ён.
***
Нагадаем, што ў 2011 годзе Барановіч ужо быў судзімы. Тады яго пакаралі трыма гадамі «хатняй хіміі» за ўдзел у Плошчы-2010. Праваабаронцамі ён быў прызнаны палітвязнем.
Пасяджэнне працягнецца 20 лютага